Расея адновіць пастаўкі нафты толькі пасля пагашэння Беларуссю доўгу за газ
Бяспошлінныя пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь павялічацца з 13 красавіка толькі ў тым выпадку, калі Менск даплаціць за пастаўлены газ, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч, паведамляе ТАСС.
„Калі мы атрымаем плацеж за газ за мінулы перыяд, тады так, могуць пачацца. Але толькі ў гэтым выпадку”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь 13 красавіка.
У эфіры праграмы навін тэлеканала „Беларусь 1” вечарам 4 красавіка расказалі новыя падрабязнасці перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Так, паводле інфармацыі тэлеканала, пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь адновяць у ранейшых аб’ёмах не пазней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненне пра нафту будзе дзейнічаць да 2024 года ўключна. Акрамя таго, з Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў на год. У асноўным гэта быў высокаактанавы бензін, і для Беларусі продаж па нізкай цане якаснага прадукту быў стратны. Для краіны адмена такіх паставак дазволіць зарабляць дадаткова 150 млн даляраў на год.
Як растлумачыў у інтэрв’ю тэлеканалу намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, да 2019 года ўключна з 24 млн тон нафты 18 млн будуць адпраўляцца на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі. „Гэта можна прыняць, будзем выходзіць на выгаду. Ну а 6 млн тон будуць „ператамажывацца” — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай „ператаможкі” будуць паступаць у бюджэт Рэспублікі Беларусь”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Паводле БелаПАН