Расея дадаткова пералічыць Беларусі больш за $ 400 млн за „перамытнёўку” нафты



Расея закладвае ў бюджэт 2018 года пералічэнне Беларусі дадаткова 27 млрд расейскіх рублёў (каля 410 млн даляраў па бягучым курсе) экспартных пошлін з-за росту цэн на нафту.

„Пагадненне з Беларуссю па так званай „перамытнёўцы”. Мы бачым, у сувязі з ростам цэнаў на нафту ўзрастаюць нашы абавязацельствы па пераліку экспартнай пошліны на нафту Рэспубліцы Беларусь у параўнанні з тым, што было ў бюджэце. 27 мільярдаў рублёў мы ўносім у бюджэт дадатковыя сродкі на гэтую мэту”, — перадае агенцтва ПРАЙМ словы Сілуанава ў размове з журналістамі аб бюджэце на 2018 год.

Як паведамляў БелаПАН, згодна з дасягнутымі ў красавіку 2017 года на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў дамоўленасцямі, Расея вярнулася да ранейшых аб’ёмаў пастаўкі нафты Беларусі (24 млн тон за год), але ў гэтым пытанні ёсць нюансы. Механізм кампенсацыі тады выклаў беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка: „Да 2018 года ўключна з 24 млн 18 будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ нам. Гэта прымальна, выгадна для заводаў. Ну, а 6 млн тон будуць „перамытнёўвацца” — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай „перамытнёўкі” будуць паступаць у бюджэт Рэспублiкi Беларусь”.

У 2017 годзе Беларусь імпартавала з Расеі 18 млн тон нафты. Акрамя таго, яшчэ 6 млн тон Расея кампенсавала ў рамках працэдуры „перамытнёўкі”, згодна з якой у беларускі бюджэт пералічваюцца экспартныя пошліны з названага аб’ёму.

21 верасня гэтага года ў Сочы прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, у якіх удзельнічалі члены ўрадаў Беларусі і Расеі. Па выніках Лукашэнка паведаміў, што бакі выпрацавалі два варыянты вырашэння пытанняў з „перамытнёўкай” і пастаўкай цёмных нафтапрадуктаў.

„Самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, было звязанае з вяртаннем грашовых сродкаў ад „перамытнёўкі” сырой нафты ў беларускі бюджэт. А таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуту, які купляўся нашымі кампаніямі ў расійскіх, перапрацоўваўся, а нафтапрадукты рэалізоўваліся на беларускім і замежных рынках”, — сказаў Лукашэнка.

У гэтым месяцы Беларусь ужо атрымала ад Расеі больш за 260 млн даляраў ад „перамытнёўкі” нафты, недаплачаных з ліпеня.

belapan.by