Расея і Беларусь не змаглі дамовіцца аб урэгуляванні газавай спрэчкі



Расея і Беларусь не змаглі дамовіцца аб урэгуляванні газавай спрэчкі, бо беларускі бок не гатовы пагасіць доўг за газ без новых прэферэнцый, паведаміў журналістам міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак па выніках перамоў прэм`ер-міністраў дзвюх краін 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках. 

 „Скончыліся перамовы па газавым пытанні паміж урадамі Расейскай Федэрацыі і Беларусі. Абмеркавалі пазіцыі бакоў, яшчэ раз зверылі наяўную сітуацыю. На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту”, — цытуе Новака ТАСС.

Паводле яго слоў, Беларусь не гатовая пагасіць доўг за газ, які на сёння перавышае 700 млн долараў. „На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту, у першую чаргу, у выніку таго, што беларускі бок не гатовы пагасіць назапашаны доўг без прадастаўлення расійскім бокам прэферэнцый як па цане, так і па тэрмінах, механізме фарміравання цаны”, — сказаў міністр.

Расея, дадаў ён, адзначае „недастаткова канструктыўную пазіцыю беларускага боку”. „Тым не менш перамовы працягваюцца. Не мы пачыналі гэты канфлікт, і мы разлічваем на тое, што пазіцыя беларускага боку будзе больш канструктыўнай”, — заявіў Новак.

Як паведамлялася, на сустрэчы 30 сакавіка Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў беларускаму калегу Андрэю Кабякову пашукаць „развязкі праблем у паліўна-энергетычнай сферы”. „Назапасіліся пытанні, значная частка гэтых пытанняў добра вядомая, яна ўваходзіць у парадак дня. Гэта, перш за ўсё, супрацоўніцтва паліўна-энергетычных комплексаў. Пакуль, на жаль, не ўдалося гэтую тэму вырашыць, але давайце паспрабуем пашукаць развязкі і адказы на тыя складанасці, якія з`явіліся ў апошні час, — сказаў расійскі прэм`ер. — Наша з Вамі сустрэча цалкам рабочая, досыць кароткая, але спадзяюся, што будзе нейкі толк”.

Перамовы паміж Масквой і Мінскам аб умовах ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца каля года. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб`ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Па дзейных пагадненнях Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па выніках года імпарт нафты скараціўся на 20,8%. 3 сакавіка стала вядома, што „Газпром” павысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% да 141,1 долара за тысячу кубаметраў.

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 30 сакавіка выказаў упэўненасць у хуткім вырашэнні газавай спрэчкі паміж дзвюма краінамі. „Я думаю, што гэтая праблема будзе вырашана”, — сказаў дыпламат.

Ён пацвердзіў, што перамовы па гэтым пытанні пройдуць у час запланаванай на 3 красавіка сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу.