Расея і Кіпр – лідары па інвестыцыях у беларускую эканоміку



Замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі за студзень — верасень гэтага года склалі 6 млрд даляраў, паведамляе Белстат. “Асноўнымі інвестарамі арганізацый рэспублікі былі суб’екты гаспадарання Расейскай Федэрацыі (63,1% ад усіх інвестыцый) і Кіпра (16,7%)”, — удакладняе гэтае ведамства. Пры гэтым прамыя інвестыцыі склалі 4,5 млрд даляраў. Гэта 75,3% ад усіх замежных інвестыцый.

Як піша “Зеркало”, у першым квартале гэтага года Кіпр займаў першае месца па прамых замежных інвестыцыях у Беларусь. Ён адсунуў на другую пазіцыю Расею, якая раней лідзіравала па гэтым паказчыку (на трэцім месцы апынуліся Нідэрланды). Для параўнання: у 2022 годзе топ-3 замежных інвестараў у беларускую эканоміку выглядаў так — Расея, Нідэрланды, ААЭ.

Колькі грошай захоўвае ў сярэднім беларус у банках?

Беларусы часцей кладуць грошы ў банк у рублях і радзей забіраюць іх датэрмінова, піша Office life са спасылкаю на Нацыянальны банк.

У трэцім квартале гэтага года ў Беларусі расла доля тэрміновых укладаў у беларускіх рублях — з пачатку года яна была роўная 39%, да канца кастрычніка падрасла яшчэ на 3%. Беларусы сталі часцей размяшчаць беларускія рублі на безадзыўных укладах: тэмп прыросту па іх у два разы вышэйшы, чым па адзыўных. Часцей грошы на банкаўскіх укладах захоўваюць жанчыны: доля іх укладаў у рублях прырастае хутчэй, у замежнай валюце — скарачаецца. Больш за ўсё сродкаў на ўклады прыносяць жанчыны ва ўзросце 26-45 гадоў.

У сярэднім беларускі ўкладчык трымае ў банку 1 тысячу 200 рублёў, на валютным рахунку ў сярэднім 8 тысяч 200 даляраў. Пры гэтым больш за ўсё грошай у банках трымаюць людзі старэйшыя за 46 гадоў.

Беларусь спадзяецца на Турцыю ў пытанні адмены санкцый з угнаенняў

Беларусь пакрывае 80 працэнтаў патрэбаў Турцыі ва ўгнаеннях. Такія звесткі ў інтэрв’ю АНТ прывёў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. Паводле яго, Турцыя гатова садзейнічаць у зняцці санкцый з беларускіх угнаенняў.

„Турцыя поўнасцю пацвердзіла гатоўнасць аказваць нам садзейнічанне ў зняцці абмежаванняў на калійныя ўгнаенні, на ўгнаенні, якія сёння складаюць аснову для харчовай і сельскагаспадарчай бяспекі, асабліва – у краінах глабальнага Поўдня”, – сказаў ён. Алейнік назваў санкцыі ЗША і Еўразвязу “злачыннымі”. “Мы пацвердзілі нашу гатоўнасць далей прасоўваць гэтую тэму на міжнародных пляцоўках і далей развіваць нашае супрацоўніцтва ў двухбаковым фармаце.”, – дадаў Сяргей Алейнік, які на мінулым тыдні здзейсніў візіт у Турцыю, дзе прайшло пасяджэнне двухбаковай камісіі па супрацоўніцтве, піша reform.by.

Якую долю складаюць беларускія тавары ў рознічным тавараабароце

Доля беларускіх тавараў у агульным аб’ёме рознічнага гандлю за дзевяць месяцаў 2023 года склала амаль 61 працэнт. Пры гэтым калі ў харчовым сегменце лідарства беларускіх вытворцаў не выклікае сумненняў, то з нехарчовымі таварамі – наадварот, піша Office Life, абапіраючыся на афіцыйную статыстыку.

Агульны тавараабарот у розніцы за студзень – верасень склаў каля 47,7 млрд рублёў. З іх крыху больш за 25,1 млрд. склалі харчовыя тавары. Гэта прыкладна 53 працэнты ад агульнага рознічнага рынку Беларусі. Па харчовых таварах доля айчыннай прадукцыі складае амаль 78 працэнтаў. А па іншых таварах надалей лідзіруе імпарт, яго доля – 58 працэнтаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: tadviser.com.