Расея і Польшча – галоўныя эканамічныя партнёры Гарадзеншчыны



Расея, Польшча, Кітай і Украіна з’яўляюцца галоўнымі эканамічнымі партнёрамі Гарадзенскай вобласці. Папярэднія дадзеныя сведчаць аб тым, што за шэсць месяцаў бягучага году тавараабарот рэгіёна перавысіў адзін мільярд трыста дваццаць шэсць мільёнаў даляраў. У тым ліку на гандлёвыя стасункі з Расеяй прыходзіцца амаль палова гэтай сумы. Другое месца ў знешнім гандлі з Гарадзеншчынай утрымлівае Польшча. Калі эканамічныя стасункі Гарадзеншчыны з Расеяй палягаюць на газа-нафтавых адносінах і продажы  сельска-гаспадарчай прадукцыі, то ў Польшчы закупаецца сучаснае абсталяванне, якое польскія спецыялісты ў большасці выпадкаў усталёўваюць на прадпрыемствах Прынёмання:

– Фірама, у якой я працую, выйграла кантракт на працу на Усходзе, таму мы сюды прыехалі. Кожны мае права на развіццё. Чаму не купляць абсталяванне на Захадзе, калі тэхналагічна яно адпавядае?

У 2015-м годзе Гарадзенская вобласць падтрымлівае эканамічныя адносіны з шасцю-дзясяццю чатырма краінамі блізкага і далёкага замежжа. У той час, як з Расеяй традыцыйна існуе станоўчае сальда, з краінамі захаду – адмоўнае. Прыкладам, за бягучыя паўгады адмоўнае сальда ў гандлі з Польшчай перавысіла 31 мільён даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня