Расея абмежавала пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі



Рассельгаснагляд з 19 траўня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі шэрагу беларускіх вытворцаў сухога малака, сыру і масла, абвяшчае паведамленне на сайце  ведамства.

У спіс прадпрыемстваў, якія трапілі пад абмежаванні, увайшлі, у прыватнасці, „Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, „Маладзечанскі малочнай камбінат”, „Малочная кампанія Наваградскія дары”, „Пружанскі малочны камбінат”, „Слуцкі сыраробны камбінат” і яго Любанскі філіял.

Падставай для такога рашэння стала тое, што ў прадукцыі гэтых вытворцаў паўторна выявілі лінкаміцын, натаміцын, цыпрафлаксацын, а таксама цілазін.

Раней стала вядома, што Рассельгаснагляд зрабіў больш жорсткімі кантроль дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Масква ўжо абмяжоўвала пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі беларускіх вытворцаў па розных падставах. У красавіку Рассельгаснагляд праінспектаваў 18 прадпрыемстваў на адпаведнасць патрабаванням ЕАЭС. У пачатку траўня ў міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі паведамілі, што падрыхтавалі адказы на заўвагі па выніках гэтай праверкі.

ria.ru