Расея можа забараніць увоз беларускага сыру



Пастаўкі сыру некаторых беларускіх прадпрыемстваў у Расею могуць быць забароненыя. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Рассельгаснагляду Юлія Мелано.

Пад рызыку забароны патрапіла прадукцыя ААТ «Ашмянскі сыраробны завод» (філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат») і філіяла па вытворчасці сыроў ААТ «Рагачоўскі МКК». Рассельгаснагляд ужо выявіў некалькі парушэнняў у іх прадукцыі.

У сырах вытворчасці гэтых прадпрыемстваў быў знойдзены кансервант натаміцын (Е235).

У сырах «Ашмянскага сыраробнага завода» ён быў знойдзены ў канцэнтрацыі, якая перавышае норму. У сырах «Лідскага малочна-кансервавага камбіната» ўзровень яго ўтрымання быў у норме, але сама яго прысутнасць не ўказвалася на этыкетцы. У выніку супраць прадукцыі гэтых прадпрыемстваў ведамства ўвяло рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю.

«Калі ў рэжыме ўзмоцненага кантролю яшчэ хоць раз будуць выяўленыя парушэнні, мы будзем падымаць пытанне пра забарону паставак з гэтых прадпрыемстваў альбо прасіць беларускі бок ўвесці самаабмежаванне», – паведаміла Мелано.

Паводле rbc.ru

Фота produkt.by