Расея пачынае адчуваць страты з-за зніжэння цэнаў на нафту
Стабілізацыйны фонд Расеі сёлета недаатрымае 200 мільярдаў даляраў. Агульныя тэндэнцыі падзення цэнаў на нафту прывядуць да стратаў перадусім расейскую эканоміку, бо здабыча нафты і газу ў Расеі мае нашмат большы сабекошт, чым, напрыклад, у краін Персідскага заліву, адзначае беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:
– Прыкладна на 40% скароцяцца прыбыткі Расеі ад экспарту энергарэсурсаў у бліжэйшыя 3-5 гадоў. Гэта магутны ўдар па Расеі. Калі ўлічыць, што ПЗКВ, экспартныя пошліны і іншыя даходы ад здабычы энергарэсурсаў даюць 65% расейскага федэральнага бюджэту – гэта неверагодны ўдар па бюджэце. Зразумела, Расея будзе імкнуцца кампенсаваць страты, але працэс пайшоў, зніжэнне цэн не спыніць, і Расея ўжо пачала губляць прыбытак. Адсюль ёй не да таго, каб дзяліцца экспартнымі пошлінамі з Беларуссю.
Нафта маркі Вrent на лонданскай біржы прадаецца сёння па цане каля 91 даляра ЗША. З чэрвеня кошт аднаго барэля нафты знізіўся амаль на 20 даляраў. У сёлетні расейскі бюджэт закладзеныя прыбыткі ад нафты і газу пры цане не ніжэй за 110 даляраў за адзін барэль нафты.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kontinentusa.com