Расея падазрае Беларусь у маштабным рээкспарце ўкраінскага сыру



Расея падазрае Беларусь у маштабным рээкспарце ўкраінскага сыру. Пра гэта гаворыцца ў аналітычнай запісцы, накіраванай расейскім Нацыянальным саюзам вытворцаў малака („Саюзмалако”) у Расспажыўнагляд і Рассельгаснагляд, паведамляе рэсурс milknews.ru.

сыр

Згодна з аналізам у ліпені—жніўні Украіна паставіла на тэрыторыю Беларусі больш за 4 тыс. тон сырных прадуктаў, значная частка якіх затым магла быць адпраўлена ў Расею. Гэта меркаванне грунтуецца на тым факце, што ў Беларусі спажыванне гэтай прадукцыі не вырасла.

Як гаворыцца ў тэксце запіскі, у ходзе праведзенага параўнальнага аналізу мытнага афармлення „сырападобнай прадукцыі”, вырабленай на аснове раслінных тлушчаў, было ўстаноўлена, што са студзеня па чэрвень 2016 года з Украіны ў Беларусь было экспартавана 198 тон прадукцыі.

Пачынаючы з другога паўгоддзя значна вырас экспарт такіх тавараў, якія адпраўляюцца з Украіны ў Беларусь. У ліпені было экспартавана 1.546 тон, а ў жніўні — 2.545.

Па наяўнай у „Cаюзмалака” інфармацыі, з тэрыторыі Беларусі ў Расею „працягвае ажыццяўляцца пастаянны і бескантрольны ўвоз сырнай прадукцыі” ўкраінскага паходжання, вырабленай на аснове раслінных тлушчаў.

Беларусь, зыходзячы з тэндэнцый папярэдніх гадоў, не ў сілах асвоіць такі каласальны аб’ём увазнога „сырападобнага прадукту” з Украіны і не павялічвала спажыванне гэтага прадукту, адзначаецца ў запісцы. Прадстаўнікі „Саюзмалака” зрабілі выснову, што „значная частка гэтага сурагатнага прадукту з дапамогай пераклейкі маркіроўкі паходжання тавару далей адпраўляецца ў Расейскую Федэрацыю, што з’яўляецца парушэннем прадпісання Расспажыўнагляду” аб забароне на ўвоз у РФ сырападобных прадуктаў вытворчасці Украіны”.

belapan.by