Расея павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь



Пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале будуць павялічаны да 5 млн тон, паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік „Транснефці” Ігар Дзёмін.

Нафта

„Па пастаўках на НПЗ „Мазыр” і „Нафтан” у адпаведнасці з расейска-беларускім пратаколам у чацвёртым квартале плануецца прапампаваць па нафтаправодзе „Дружба” 5 млн тон (2,6 млн тон і 2,4 млн тон адпаведна)”, — цытуе Дзёміна агенцтва ТАСС.

Нагадаем, 10 кастрычніка ў Менску пасля даклада ў Аляксандра Лукашэнкі віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка зрабіў шэраг заяў аб вырашэнні газавай і нафтавай спрэчкі паміж Расеяй і Беларуссю. Сярод іншага было заяўлена пра тое, што Расеяй у поўным аб’ёме будуць адноўлены пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, у той час як Беларусь адменіць раней прынятае рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транспарціроўку нафты па сваёй тэрыторыі.

„Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. У трэцім квартале заблакаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінны былі атрымаць 6 млн тон, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн тон. Цяпер усё гэта аднаўляецца. Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным аб`ёме пад поўную загрузку нашых НПЗ”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

„Мы таксама зрабілі кампрамісныя захады. Нядаўна былі крыху павышаны тарыфы на транзіт нафты. Мы гэта вяртаем назад. Гэта значыць застануцца тыя тарыфы, якія дзейнічалі па стане на 1 кастрычніка”, — адзначыў Сямашка.

belapan.by