Расея дасць Беларусі дзяржкрэдыт $ 1,5 млрд



Расея прадаставіць Беларусі дзяржкрэдыт у памеры $ 1,5 млрд, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы.

Пуцін нагадаў, што нядаўна з візітам у Беларусі быў старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін. «Я ведаю, што ён правёў вельмі сур’ёзныя вялікія перамовы, і яны былі паспяховымі па ўсіх напрамках нашага ўзаемадзеяння. Дарэчы, у тым ліку і ў фінансавай сферы. Мы дамовіліся аб тым, што Расея дасць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт – $ 1 5 млрд», – сказаў Пуцін, адкрываючы сустрэчу з Лукашэнкам.

«І мы гэта выканаем, цяпер, наколькі вядома, нашы міністры фінансаў вядуць на гэты конт працу на прафесійным узроўні», – адзначыў расейскі прэзідэнт.

«У нас ёсць магчымасць у спакойным рэжыме, мы для гэтага і сабраліся зараз, пагаварыць пра ўсё, але перш за ўсё, вядома, мы павінны абмеркаваць пытанні эканамічнага характару, таму што падзенне (тавараабароту – ІФ) на 21 з лішнім працэнт, гэта ўсё ж такі прыстойнае падзенне, гэта не звязана з нашай працай, гэта звязана якраз з агульнасусветнымі тэндэнцыямі ў сувязі з каронавірусам. Але мы з каронавірусам разам пазмагаемся, і, упэўнены, пераадолеем і бягучыя цяжкасці ў эканоміцы», – сказаў Пуцін у пачатку расейска-беларускіх перамоваў.

«Я не выпадкова згадаў і крэдыт, які Расея ў хуткім часе плануе даць Беларусі. Спадзяюся, што гэта адпаведным чынам адабʼецца і на фінансавых рынках (Беларусі – ІФ)», – адзначыў Пуцін.

Ён прапанаваў свайму беларускаму калегу прыняць меры для аднаўлення тавараабароту паміж дзвюма краінамі на дакрызісным узроўні.

«Што датычыцца нашых эканамічных узаемаадносін, Расея застаецца самым буйным інвестарам для эканомікі Беларусі», – сказаў Пуцін. «Толькі адзін з праектаў – гэта АЭС коштам $ 10 млрд», – адзначыў расейскі прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў цэлым звыш 50% гандлёвага абароту Беларусі прыпадаюць на РФ, у рэспубліцы працуюць амаль дзве тысячы прадпрыемстваў з расейскім капіталам. «У нас вельмі цесная кааперацыя па шэрагу кірункаў, па шэрагу галін», – падкрэсліў Пуцін.

Паводле яго слоў, каронавірус паўплываў на тавараабарот, і ў сувязі з гэтым «мы павінны прыняць дадатковыя намаганні, для таго каб ён выйшаў на дакрызісны ўзровень, а таксама стварыць перадумовы для руху наперад».

Пуцін адзначыў, што ў яго ёсць прапановы. «Мне здаецца, што на ўзроўні ўрадаў, міністэрстваў, ведамстваў і нават асобных прадпрыемстваў трэба ліквідаваць наяўныя праблемы і стварыць умовы для руху наперад», – адзначыў Пуцін. «Так, змяніўся ўрад Беларусі, але гэта не перашкаджае нам працаваць», – сказаў расейскі прэзідэнт, нагадаўшы, што ў Менску з візітам пабываў прэмʼер РФ Міхаіл Мішусцін.

interfax.ru