Расея прыгразіла абмежаваць увоз беларускай бульбы
Рассельгаснагляд „сур’ёзна занепакоены увозам на тэрыторыю Расеі егіпецкай бульбы з Беларусі”, гаворыцца ў паведамленні ведамства ад 2 красавіка.
30 сакавіка ў Пскоўскай вобласці службовыя асобы ведамства пры правядзенні каранціннага фітасанітарнага кантролю 18 тон бульбы (экспарцёр — індывідуальны прадпрымальнік са Століна), якая паступіла ў суправаджэнні фітасанітарнага сертыфіката, выдадзенага Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі, і міжнароднай таварна-транспартнай накладной, на частцы ўпаковак выявілі маркіроўку, „якая пацвярджае, што гэтая прадукцыя егіпецкага паходжання”.
У сувязі з гэтым, а таксама ў мэтах недапушчэння ўвозу на тэрыторыю РФ „небяспечнай прадукцыі з каранціннымі для Расеі аб’ектамі”, груз будзе вернуты ў Беларусь пад кантролем інспекцыі для перадачы ў адпаведныя органы і прыняцця неабходных мер да парушальнікаў.
„У выпадку паўторнага выяўлення такіх выпадкаў Рассельгаснагляд будзе вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю бульбы харчовай паходжаннем Рэспубліка Беларусь у суправаджэнні беларускіх фітасанітарных сертыфікатаў”, — прыгразіла ведамства.