Расея прыпыняе пастаўкі газу ў Польшчу (абноўлена)
«Газпром» не пацвярджае інфармацыю аб тым, што пастаўкі расейскага газу ў Польшчу ўжо спынілі, паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік холдынгу Сяргей Купрыянаў, перадае ТАСС.
Пры гэтым у «Газпроме» падкрэслілі, што «сёння Польшча абавязаная заплаціць за пастаўкі газу ў адпаведнасці з новым парадкам плацяжоў».
Адразу пасля гэтага стала вядома, што польскія Gaz-System і нафтавагазавая кампанія (PGNiG) атрымалі ад «Газпрома» апавяшчэнне аб поўным спыненні паставак газу з 27 красавіка.
***
Польскі партал Onet са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны і польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG паведамляе, што Расея прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу па газаправодзе «Ямал —Еўропа».

Прычыны прыпынення паставак Масква не паведаміла, піша выданне. Ва ўрадзе Польшчы склікана крызісная група.
Сёння Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы ўвяло санкцыі супраць «Газпрама», які з’яўляецца ўладальнікам 48% акцый польскай кампаніі-саўладальніка газаправода «Ямал — Еўропа».
Акрамя таго, прадстаўнік урада Польшчы па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі сёння, 26 красавіка, заявіў, што Варшава не мае намеру аплачваць газ у рублях у адпаведнасці з патрабаваннямі Расеі.
