Расея спыніла фінансавую падтрымку Лукашэнкі ў абмен на пацалункі



Расея не будзе бязвыплатна аказваць фінансавую падтрымку Беларусі, лічыць Алесь Аляхновіч — прадстаўнік эканамічнай групы Каардынацыйнай рады і эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай.

Яго пазіцыя апублікаваная на сайце Каардынацыйнай рады.

9 снежня беларускі ўрад запытаў у Еўразійскага банка развіцця дадатковыя рэсурсы на фінансаванне інфраструктурных праектаў, якія раней маглі быць прафінансаваныя за кошт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Гэтыя банкі восенню адмовіліся выдзяляць грошы на праекты ў беларускім дзяржсектары ў сувязі з напружанай палітычнай сітуацыяй у краіне.

Аляхновіч сумняваецца, што ЕАБР без дадатковых уліванняў Расеі зможа замясціць рэсурсы, якія Беларусь раней атрымлівала ад ЕБРР і ЕІБ.

„У 2019 годзе ЕБРР і ЕІБ уклалі каля 930 млн даляраў у праекты ў Беларусі. Ці хопіць сродкаў у ЕАБР, каб штогод укладваць у беларускую эканоміку каля 1 млрд даляраў? На дадзены момант ЕАБР мае актыўны партфель праектаў у Беларусі на 1 млрд далаяраў. Пры гэтым увесь статутны фонд ЕАБР складае 7 млрд даляраў”, — адзначае Аляхновіч.

Заснавальнікамі ЕАБР, нагадаў ён, з`яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

„Доля Беларусі ў статутным фондзе 0,99%, г.зн. менш за 70 млн даляраў. Значыць, Беларусь ужо цяпер мае праектны партфель, які ў 14 разоў перавышае яе ўдзел у статутным фондзе. Далейшае павелічэнне долі Беларусі ў партфелі ЕАБР можа выклікаць здзіўленне іншых краін-партнёраў”, — мяркуе Аляхновіч.

Таму, лічыць ён, без павелічэння статутнага фонду — найперш з боку Расеі, чыя доля складае 66%, — наўрад ці знойдуцца новыя сродкі для Беларусі.

„З іншага боку, варта разумець, што павелічэнне фінансавання беларускай эканомікі з боку ЕАБР з`яўляецца палітычным пытаннем. Рашэнне ЕАБР будзе залежаць ад выканання „сочынскіх пагадненняў „(у тым ліку паскарэнне канстытуцыйнай рэформы). Расея скончыла фінансавую падтрымку рэжыму ў абмен на паветраныя пацалункі”, — перакананы Аляхновіч.

На яго думку, больш няма неабумоўленых крэдытаў для Беларусі, як гэта было раней. „А Лукашэнка давёў краіну за 26 гадоў да такога стану, калі без знешняга падсілкоўвання яна не можа развівацца”, — адзначыў эканаміст.

БелаПАН