Расея забараніла пастаўкі турэцкіх груш праз Беларусь



Рассельгаснагляд з 28 сакавіка забараняе пастаўкі турэцкіх груш праз Беларусь у суправаджэнні беларускіх рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў. 

Прэс-служба ведамства паведамляе, што ў сакавіку 2019 года пастаўкі турэцкіх груш праз Беларусь рэзка выраслі. Раней грушы з Турцыі пастаўляліся праз мяжу з Расеяй. Таму цяперашнія пастаўкі выклікаюць у Рассельгаснагляду сумнеў у сваёй легальнасці і недавер да звестак, указаных у беларускіх рээкспартных сертыфікатах.

Таксама спецыялісты Рассельгаснагляду плануюць наведаць Турцыю, каб праверыць звесткі з беларускіх дакументаў пры рээкспартных пастаўках груш. Акрамя таго, расейцы правераць звесткі пра лагістыку паставак груш з Беларусі ў Расею праз Еўразвяз.

Рассельгаснагляд лічыць, што беларускі бок пастаўляе ў Расею „санкцыйную” прадукцыю, забароненую ўказам прэзідэнта.

Нагадаем, што з 22 сакавіка Расея забараніла ўвоз турэцкіх яблыкаў праз Беларусь.

Паводле fsvps.ru