Расея заблакавала беларускі канал паставак вугалю



Расея заблакавала пастаўкі энергетычнага вугалю ва Украіну праз Беларусь. Гэту інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў Міністэрстве энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны.

«Так, такая інфармацыя ёсць, але падрабязнасцяў няма», – паведаміла прэс-сакратар міністэрства Ганна Дудка.

Раней пра тое, што з кастрычніка Расея перакрыла беларускі калідор паставак энергетычнага вугалю ва Украіну, паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў і народны дэпутат Украіны Міхаіл Валынец.

Паводле яго даных, штомесяц ва Украіну праз Беларусь пастаўлялася 300–400 тысяч тон расейскага вугалю. Для гэтага адпраўшчыкі падавалі заяўкі на Расейскую чыгунку з просьбай ажыццявіць перавозку ў напрамку Беларусі. «З 1 кастрычніка ніводная заяўка не пацвярджаецца. Гэта азначае стварэнне велізарнага дэфіцыту энергетычнага вугалю ў небяспечны момант – зімой», – адзначаў Валынец.

Інфармацыю аб блакаванні паставак БелаПАН таксама пацвердзіў адзін з беларускіх трэйдараў. Паводле яго слоў, цяпер Расейская чыгунка проста не будзе складаць чыгуначныя накладныя на Беларусь. Такім чынам, на думку суразмоўцы, Расея хоча перакрыць абходныя маршруты паставак.

З чэрвеня адгрузкі расейскага вугалю ва Украіну ажыццяўляюцца па спецыяльным дазволе Міністэрства эканамічнага развіцця РФ. З-за гэтых абмежаванняў прамыя пастаўкі моцна ўпалі. Расейскі вугаль пайшоў у абыход – праз Беларусь.

«Раней Беларусь не блакавалі. Вось прыйшоў час, і пачалі блакаваць. Расея хоча кантраляваць патокі, а праз Беларусь вагоны бескантрольна ехалі», – сказаў суразмоўца.

Паводле дадзеных Белстата, за сем месяцаў гэтага года з Беларусі ва Украіну адгружана 1,2 млн тон каменнага вугалю на 97,5 млн долараў. У фізічным выражэнні пастаўкі выраслі ў 501 раз, у грашовым – у 482 разы ў параўнанні з сямю месяцамі мінулага года.

Вугаль адгружаецца ва Украіну з Беларусі чыгуначным транспартам. У дэкларацыях краінай паходжання тавару пазначаная Расея. Пастаўкамі вугалю займаецца дзясятак беларускіх кампаній, якія ў асноўным былі зарэгістраваныя з 2014 па 2019 год.

БелаПАН