Расея знізіла цану на газ для Беларусі



Палата прадстаўнiкоў 23 лістапада ратыфікавала пратакол аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне з Расеяй аб парадку фармавання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаводах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 года і далейшым супрацоўніцтве ў газавай сферы.

Як паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч, пратакол быў падпісаны ў Маскве 13 красавіка 2017 года. У дакуменце, паводле яго слоў, урэгуляваныя пытанні, звязаныя з пастаўкамі газу з РФ у Беларусь у 2017—2019 гадах, а таксама вызначаны план далейшых дзеянняў па ўдасканаленні ўзаемаадносін бакоў у газавай сферы ў 2020—2024 гадах.

У адпаведнасці з дамоўленасцямі, паведаміў Каранкевіч, цана на газ для Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года складзе 143,54 долара ЗША за 1 тыс. кубаметраў, з 1 студзеня па 31 снежня 2018 года — 129 долараў, з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года — 127 долараў.

Разліковы эканамічны эфект для Беларусі ад зніжэння цэн на газ, які пастаўляецца „Газпромам”, адзначыў першы намеснік міністра, за перыяд 2018—2019 гадоў складзе каля 700 млн долараў.

Пратаколам таксама прадугледжаная неабходнасць выпрацаваць да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза. Таксама дакумент прадугледжвае неабходнасць забяспечыць унясенне да 1 ліпеня 2019 года зменаў у пагадненне, якія прадугледжваюць вызначэнне цаны на газ для Беларусі з 1 студзеня 2020 года з улікам неабходнасці стварэння ўмоў па фармаванні да 1 студзені 2025 года агульнага рынку газу ЕАЭС.

belapan.com

Фота Новая газета