Расея зняла абмежаванні на пастаўку беларускіх шампіньёнаў



 Расея зняла абмежаванні на пастаўку беларускіх шампіньёнаў, паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.

„Беларускі бок пацвердзіў ліквідацыю бар’ера, звязанага з уведзенымі Рассельгаснаглядам у ліпені 2018 года абмежаваннямі на пастаўкі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь свежых шампіньёнаў. Калегія ЕЭК раней прыняла рашэнне інфармаваць Расею аб неабходнасці выконваць правы ЕАЭС. Зараз гэты бар’ер ліквідаваны, а беларускія шампіньёны бесперашкодна пастаўляюцца ў Расею”, — гаворыцца ў паведамленні.

„У выніку сумеснай працы ЕЭК і нашых калег з краін ЕАЭС ліквідаваныя абмежаванні, звязаныя з пастаўкамі асобных катэгорый харчовай прадукцыі. Мы ўспрымаем меры, якія прымаюцца Расійскай Федэрацыяй, як гатоўнасць да працягу канструктыўнага дыялогу па зняцці абмежавальных мер, што сур’ёзна адбіваюцца на прадпрымальніках нашых краін”, — пракаментавала адмену абмежаванняў член калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян.

Як паведамлялася, 24 ліпеня 2018 года Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўку шампіньёнаў з Беларусі і прыняў рашэнне аб праверцы профільных беларускіх прадпрыемстваў. Абмежаванне было ўведзенае ў сувязі з тым, што 14 ліпеня ў пункце каранціннага фітасанітарнага кантролю была выяўленая партыя свежых шампіньёнаў, экспартаваная беларускім прадпрыемствам, маркіроўка якой утрымлівала інфармацыю аб краіне паходжання — Рэспубліка Польшча. Пры гэтым груз суправаджаўся фітасанітарным сертыфікатам, выдадзеным упаўнаважаным органам Беларусі.

Праверку правялі спецыялісты Рассельгаснагляду і Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі. Інспекцыя доўжылася пяць дзён, з 30 ліпеня па 3 жніўня 2018 года, былі правераныя дзевяць прадпрыемстваў. Паводле вынікаў праверкі абмежаванні былі знятыя з трох прадпрыемстваў.

21 жніўня калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі прыйшла да высновы, што расейская забарона на пастаўкі шампіньёнаў з Беларусі не адпавядае дагавору аб ЕАЭС.

belapan.by