Ці будзе Расея кампенсаваць Беларусі страты з-за падатковага манеўру?



Расея не стане цалкам кампенсаваць Беларусі страты, звязаныя з падатковым манеўрам у нафтавай галіне. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы ход перамоў паміж Масквой і Менскам па нафтавых пытаннях.

„На фоне ўвядзення новых амерыканскіх санкцый у Расеі складаецца няпростае эканамічнае становішча, і на гэтым фоне наш усходні сусед наўрад ці зможа выступаць у якасці донара”, — выказаў меркаванне намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

Падобнага да гэтага меркавання прытрымліваюцца і іншыя беларускія эканамісты.

„Расея прымае непапулярныя рашэнні на ўнутраным рынку — павышае ПДК, пенсійны ўзрост. На гэтым фоне Масква наўрад ці будзе гатовая прыняць рашэнне аб выдзяленні Менску штогод двух мільярдаў долараў у якасці кампенсацыі за падатковы манеўр”, — лічыць акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Нагадаем, раней Мінфін Беларусі паведамляў, што ў 2019 годзе страты беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі складуць 300 млн долараў, а пасля яго завяршэння ў 2024 годзе штогадовыя выпадаючыя прыбыткі беларускага бюджэту могуць дасягнуць 2 млрд долараў. Паводле дадзеных Мінфіна, Беларусь пачала ўжо перамовы з Расеяй і будзе дамагацца кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне.

Між тым незалежныя эксперты лічаць, што Беларусі трэба рыхтавацца жыць ва ўмовах скарачэння нафтавых даходаў.

„Верагодна, Расея пагодзіцца часткова кампенсаваць Беларусі негатыўныя наступствы падатковага манеўру, і яшчэ пытанне, як доўга Беларусь будзе гэтую кампенсацыю атрымліваць. Цяжка ўявіць, што Расея стане датаваць нашу краіну на суму 2 млрд долараў штогод. Таму Беларусі трэба рыхтавацца жыць у новых нафтавых умовах”, — мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Эксперты лічаць, што новыя нафтавыя ўмовы запатрабуюць перагляду эканамічнай палітыкі.

„Цяпер трэба весці гаворку не проста аб кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру, а аб пераглядзе структуры эканомікі ў бок павышэння яе эфектыўнасці. Штампоўка традыцыйнай прадукцыі — гэта ўчарашні дзень, трэба вызначыць прыярытэты і падтрымліваць інавацыйныя вытворчасці, а гэта азначае, што трэба мяняць структуру эканомікі” , — падкрэсліў у каментары БелаПАН Георгій Грыц.

belapan.by