Расея рыхтуецца да выхаду Прыбалтыкі з яе энергасістэмы



У першай палове 2018 года Расея плануе скончыць усе мерапрыемствы па выхаду прыбалтыйскіх краін з яе энергасістэмы. Аб гэтым далажыў кіраўнік кампаніі «Россети» Павел Лівінскі прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну.

Падчас наведвання сітуацыйна-аналітычнага цэнтра кампаніі „Россети” Пуцін звярнуў увагу на інфармацыю аб працы сетак на паўночным захадзе РФ і пацікавіўся адносінамі з прыбалтыйскімі краінамі. „Кальцо энергазабеспячэння ў нас у дадзены момант [звязвае] Беларусь, Расею, Эстонію, Латвію, Літву”, – адзначыў Лівінскі. Паводле яго слоў, цяпер ідуць працы па некалькіх напрамках будаўніцтва новых ліній, піша ТАСС.

„Гэта неабходныя мерапрыемствы, каб забяспечыць неабходны ўзровень надзейнасці, закальцаваць сістэму паўночнага захаду і цэнтра, каб вывесці з працы сувязь паміж Расеяй і Эстоніяй, Беларуссю і Літвой, Калінінградам і Літвой”, – паведаміў кіраўнік кампаніі. Ён адзначыў, што краіны Прыбалтыкі „плануюць выпрабаванні для выхаду з нашай энергасістэмы на 2019 г.”. „Мы ўсе неабходныя мерапрыемствы плануем завяршыць у 2018 годзе, у першай палове”, – запэўніў ён.

Міністр энергетыкі Аляксандр Новак дадаў, што ў Калінінградскай вобласці вядзецца будаўніцтва неабходных для ажыццяўлення гэтых планаў аб’ектаў.

ej.by