Распрацавана канцэпцыя развіцця Нацыянальнага аэрапорта Мінск



 Канцэпцыю развіцця Нацыянальнага аэрапорта Мінск плануецца зацвердзіць у бліжэйшы час. Аб гэтым заявіў 30 студзеня журналістам міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка перад пачаткам падагульняючай калегіі ведамства.

Гаворачы аб планах па развіцці транспартнай галіны, міністр адзначыў: „Плануем зацвердзіць канцэпцыю развіцця Нацыянальнага аэрапорта (у бліжэйшы час), дзе павінны вызначыцца з новым тэрміналам: якім ён павінен быць, пачаць перадынвестыцыйную прапрацоўку пытання”.

Будзе таксама завершана рэканструкцыя аэрадрома ў Оршы, пачнецца рэканструкцыя першай узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце.

Што датычыцца чыгуначнай галіны, то тут будзе прадоўжана работа па абнаўленні рухомага саставу на БЧ. Актуальным застаецца і пытанне электрыфікацыі. „Акрамя таго, мы цяпер актыўна займаемся праектаваннем аэраэкспрэса ў Нацыянальны аэрапорт, – прадоўжыў міністр. – Гэта вельмі вялікі праект, які мы ў бліжэйшы час павінны пачаць. Сёння вядуцца перадпраектныя і праектныя работы”.

Пад аэраэкспрэс плануецца выдзеліць асобны пуць. Гэта будзе новая ветка ад мінскага вакзала ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. „Нам трэба рэканструяваць выхад з Менска, пабудаваць трэці пуць і новую ветку ад станцыі Гарадзішча да Нацыянальнага аэрапорта (гэта каля 18 км), – расказаў міністр. – Асноўная мэта – каб за паўгадзіны можна было дабрацца ў аэрапорт з цэнтра горада. Гэта асноўныя параметры праекта”.

„Мы ў мінулым годзе дасягнулі рэкорднага ўзроўню пасажыраў – больш за 5,1 млн. Гэта сур’ёзны вынік, і ў бягучым годзе, калі прадоўжыцца дынаміка, якую мы бачым па студзеню, мы наблізімся да 6 млн пасажыраў на год. Адпаведна, нам трэба ствараць больш камфортныя ўмовы для іх”, – падкрэсліў Аляксей Аўраменка.

belta.by