Распрацаваны праект па вытворчасці біяраскладанай упакоўкі
Беларускія навукоўцы прапануюць праект па вытворчасці ў краіне біяраскладанай упакоўкі, паведаміў намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Кільчэўскі на круглым стале па праблеме забруджвання пластыкам 16 снежня ў Мінску.
Паводле яго слоў, Нацыянальная акадэмія навук (НАН) распрацавала план „Комплекснае навуковае забеспячэнне стварэння і вытворчасці біяраскладанай упакоўкі ў Беларусі”, які ўключае два субпраекты. „Яны ўтрымліваюць інавацыйныя тэхналогіі па замене пластыкавых упаковачных матэрыялаў на біяраскладаныя, якія не саступаюць па характарыстыках пластыкавым палімерным плёнкавым матэрыялам”, — сказаў навуковец.
Праблема пластыку сёння вельмі актуальная, падкрэсліў Кільчэўскі, і яна павінна вырашацца ўсімі супольнасцямі, у тым ліку і навуковай. „Увесь гэты год акадэмія навук вельмі актыўна займалася гэтай тэмай, перш за ўсё таму, што былі прынятыя дырэктыва прэзідэнта № 7, якая вызначае курс на паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, і пастанова Савета міністраў аб забароне на аднаразовы пластык у грамадскім харчаванні з 2021, — сказаў ён. — У гэтым кірунку працуюць тры нашыя інстытуты: мікрабіялогіі, хіміі новых матэрыялаў і агульнай і неарганічнай хіміі”.
Першы субпраект уяўляе сабой распрацоўку і вытворчасць упакоўкі на аснове паперы. Ён разлічаны на рэалізацыю на працягу бліжэйшых трох гадоў. „Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі ўжо распрацаваў шэраг варыянтаў паперы з унікальнымі ўласцівасцямі, — распавёў Кільчэўскі. — Субпраект прадугледжвае тры этапы распрацоўкі. У першы год гэта распрацоўка лінейкі тэхналагічных працэсаў атрымання паперы для працяглага захоўвання прадуктаў, якая забяспечвае паглынанне і разбурэнне рэчываў, што выдзяляюцца прадуктамі ў працэсе захоўвання; упакоўкі садавіны з кампанентамі, якія вылучаюць вуглякіслы газ, што павышае тэрміны захоўвання прадуктаў, адчувальных да атмасферы; а таксама тэрмаўстойлівай паперы для стэрылізацыі медыцынскіх інструментаў”.
Другі год рэалізацыі субпраекта прадугледжвае стварэнне вопытных участкаў на профільных прамысловых прадпрыемствах па атрыманні новых відаў упаковачнай паперы. На трэці год прадугледжана пачаць прамысловую вытворчасць упакоўкі і пастаўку яе спажыўцам. Сума выдаткаў па праекце — 1,85 млн долараў. „Узаемадзеянне з шэрагам прадпрыемстваў у нас ужо ёсць. Думаю, праект можа выклікаць цікавасць у нашых вытворцаў”, — сказаў акадэмік.
Другі субпраект мяркуе вытворчасць упакоўкі з расліннай сыравіны шляхам атрымання L-малочнай кіслаты з пабочнага прадукту атрымання цукру — мелесу. Далей з яе дапамогай ствараюцца полілактыды, з якіх і вырабляецца біяраскладаная ўпакоўка: плёнкі, кампазітныя матэрыялы для адыктыўных тэхналогій, полілактыдныя валокны і г.д. Задача ў тым, каб атрымаць упаковачныя матэрыялы, якія б раскладаліся на працягу 90 дзён, падкрэсліў навуковец. Сума праектных выдаткаў — 1,4 млн долараў.
„Такім чынам можна замяніць хімічныя палімеры экалагічна чыстымі і біяраскладанымі, развіваць тэхналогію „зялёнай хіміі” і знізіць забруджванне навакольнага асяроддзя. Тут плануецца задзейнічаць два інстытуты. Работы па перапрацоўцы сыравіны і атрыманні малочнай кіслаты з мелесу ўжо ідуць. Гэта значыць, распрацоўкі Інстытута мікрабіялогіі практычна пачатыя”, — паведаміў навуковец.
Ён адзначыў, што акадэмія навук шукае інвестараў і гатовая да супрацоўніцтва па праекце з усімі зацікаўленымі арганізацыямі.
Пра неабходнасць скарачэння выкарыстання пластыку неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Так, 11 мая падчас наведвання студэнцкай вёскі ў Мінску, куды павінны былі засяліць удзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў, яму прадэманстравалі новую кухню і сталовую для спартсменаў. Убачыўшы, што іх мяркуецца карміць з аднаразовага пластыкавага посуду, Лукашэнка абурыўся: „Хопіць гэтага пластыку. Мала таго, што труцім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць”. „У нас жа паперы — колькі хочаш, шкла — колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішніх дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе”, — сказаў афіцыйны лідар.
З 18 верасня гэтага года ў абавязковыя асартыментныя пералікі тавараў суб’ектаў гандлю ўключаныя пакеты, аднаразовы посуд і сталовыя прыборы з паперы. А з 1 студзеня 2021 года пастановай Савета міністраў у Беларусі ўстанаўліваецца забарона на выкарыстанне і продаж у аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду.
Як паведамлялася, Беларусь ужо выйшла з прапановай пры разглядзе тэхнічных рэгламентаў у Еўразійскім эканамічным саюзе забараніць выкарыстанне аднаразовай упакоўкі з неперапрацоўваных матэрыялаў, у прыватнасці тонкага пластыку.
Фота vedgard.com