Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі з яшчэ чатырох беларускіх прадпрыемстваў



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) з 18 жніўня ўводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў — СТАА „Белсыр”, ТАА „Біякам”, ГП „Малочны гасцінец” і ААТ „Полацкі малочны камбінат”.

Як паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляда, абмежаванні ўводзяцца „ў сувязі з выяўленымі грубымі парушэннямі пры перамяшчэнні тавараў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, а таксама парушэннямі ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнага саюза”.

Адзначаецца таксама, што пытанне адмены часовых абмежаванняў будзе разгледжанае Рассельгаснаглядам „пасля правядзення беларускім бокам расследавання па фактах выяўленых парушэнняў, прадастаўлення ў адрас расійскага ведамства яго вынікаў з прыкладаннем адпаведных матэрыялаў, а таксама іх аналізу спецыялістамі Рассельгаснагляда”.

У выпадку непрыняцця неадкладных мер, накіраваных на выключэнне падобных выпадкаў, Рассельгаснагляд пакідае за сабой права ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх выяўляюцца сістэматычныя парушэнні пры правядзенні дакументальнага кантролю.

„У выпадку працягу выяўлення прадукцыі, неадпаведнай ветэрынарна-санітарным нормам і патрабаванням Еўразійскага эканамічнага саюза, існуе верагоднасць абмежавання паставак у Расійскую Федэрацыю прадукцыі, якая паступае з шэрагу прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.

Падкрэсліваецца таксама, што Рассельгаснаглядам у 2016 годзе ў часовых кантрольных ветэрынарных пунктах пры правядзенні дакументальнага кантролю выяўлена 181 парушэнне, з якіх 124 (68%) гэта парушэнні дапушчаныя супрацоўнікамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь пры сертыфікацыі прадукцыі.

Нагадаем, з 13 жніўня ўжо дзейнічае забарона на пастаўкі прадукцыі трох беларускіх малочных прадпрыемстваў: ваўкавыскага ААТ „Беллакт”, ААТ „Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат” і ПУП „Калінкавіцкі малочны камбінат”.

Каментуючы гэтае рашэнне, прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі адзначала, што прэтэнзіі Рассельгаснагляда датычацца якасці афармлення дэкларацый адпаведнасці на сухое малако.

„Прэтэнзіі, якія ёсць у Рассельгаснагляда, датычацца якасці афармлення дэкларацый адпаведнасці на сухое малако, — растлумачыў намеснік міністра, дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандр Субоцін. — Мы разбіраемся ў сітуацыі. Будзем працаваць над тым, каб зняць усе існуючыя пытанні для аднаўлення паставак нашай прадукцыі на расійскі рынак”.

БелаПАН