Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі прадукцыі дзвюх беларускіх кампаній
Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі выявіла шэраг парушэнняў у прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, гаворыцца ў паведамленні расейскага ведамства.
У сувязі з гэтым з 25 ліпеня Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расею жывёлагадоўчай прадукцыі дзвюх беларускіх кампаній — „Беларуснафты-Асобіна” і Маладзечанскага малочнага камбіната.
Акрамя таго, на прадукцыю шасці беларускіх кампаній Рассельгаснаглядам уведзены ўзмоцнены лабараторны кантроль (у сувязі з выяўленнем у мясной прадукцыі рэшткаў антыбіётыкаў).
Рассельгаснагляд таксама заяўляе пра парушэнні якаснага складу прадукцыі і наяўнасць неадпаведнасцяў у прадукцыі чатырох беларускіх кампаній.
Як паведамлялася, у ліпені Рассельгаснагляд ужо ўводзіў ўзмоцнены рэжым лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з выяўленнем рознага роду бактэрый.
У сваю чаргу беларускія ўлады лічаць, што ў Рассельгаснагляду прадузятае стаўленне да беларускай прадукцыі.
У першай палове гэтага года дзеянні Рассельгаснагляду, які абмяжоўваў раней пастаўкі беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею, выклікалі рэзкую рэакцыю з боку беларускіх уладаў.
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра перадузятае стаўленне кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта да беларускіх прадпрыемстваў і даручыў распачаць у дачыненні да яго крымінальную справу. У канцы мая міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў журналістам у парламенце, што следчаму камітэту спатрэбіцца каля месяца для завяршэння праверкі па справе Данкверта.
Беларускія ўлады абвінавачваюць кіраўніцтва Рассельгаснагляду ў лабіраванні інтарэсаў мясцовых вытворцаў мяса-малочнай прадукцыі. У сваю чаргу Рассельгаснагляд раней заяўляў, што дзеянні федэральнай службы „накіраваныя на арганізацыю бяспекі і легальнасці паставак, якія ажыццяўляюцца з іншых краін на тэрыторыю Расеі”.
Паводле БелаПАН
Фота AIF.by