Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі рыбы з двух беларускіх прадпрыемстваў
Рассельгаснагляд уводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю рыбы і прадуктаў мора ТДА „Віцебскрыба” і ААТ „Белрыба”.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, „паводле вынікаў міжведамаснага ўзаемадзеяння па выяўленні незаконных каналаў паставак тавараў, адгружаных з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выяўлена, што ў ліпені—жніўні 2017 года на тэрыторыю Разанскай вобласці ажыццёўлены незаконны ўвоз замарожанай рыбы паходжаннем Нарвегіі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі пад выглядам „рыбы слабасалёнай марожанай” паходжання Рэспублікі Беларусь”.
У выніку праверкі выяўленая замарожаная сырая неразабраная мойва, салака і скумбрыя, ніяк неапрацаваная, у тым ліку непасоленая, на тэрыторыі Беларусі, заяўляе Рассельгаснагляд. Такім чынам, краінамі паходжання ўвезенага тавару з’яўляюцца Нарвегія, Фінляндыя, Вялікабрытанія, у дачыненні да якіх уведзеныя абмежаванні на пастаўкі асобных відаў тавараў, рэзюмуе расейскае ведамства.
Абмежаванні на пастаўкі рыбы і прадуктаў мора з беларускіх прадпрыемстваў пачнуць дзейнічаць 14 лістапада. Рассельгаснагляд накіраваў адпаведныя лісты ў праваахоўныя органы і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.