Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі прадукцыі беларускай „дачкі” Danone
Федэральная служба Расеі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) прыняла рашэнне абмежаваць пастаўкі на расейскі рынак прадукцыі беларускага прадпрыемства „Данон Пружаны”.
У паведамленні расейскага ведамства гаворыцца, што такое рашэнне прынята па выніках праведзенай з 27 лютага па 2 сакавіка інспекцыі прадпрыемстваў Беларусі. Абмежаванні для беларускага прадпрыемства сталі дзейнічаць з 17 сакавіка.
„Указаную інфармацыю прыміце да выканання і давядзіце да ведама органаў кіравання ветэрынарыяй суб’ектаў Расейскай Федэрацыі і арганізацый, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць”, — гаворыцца ў рашэнні Рассельгаснагляду.
Варта адзначыць, што акрамя згаданага рашэння расейскае ведамства апублікавала па гэтым пытанні асобны прэс-рэліз, у якім тлумачыць прычыны санкцый у дачыненні да беларускай „дачкі” Danone.
Рассельгаснагляд адзначае, што прадстаўнікі ведамства правяралі малочнатаварныя фермы, якія з’яўляюцца пастаўшчыкамі сырога малака для „Данон Пружаны”.
„Па выніках праведзеных мерапрыемстваў і аналізу прадстаўленых дакументаў Рассельгаснаглядам зроблены высновы пра тое, што дзяржаўны кантроль за дзейнасцю ветэрынарных спецыялістаў, якія працуюць на гэтых фермах, не забяспечаны”, — гаворыцца ў паведамленні расейскага ведамства.
У прыватнасці, адзначаецца, што на фермах не вядзецца спецыяльная дакументацыя, у сувязі з чым немагчыма ўстанавіць, ці праводзіцца штодзённы клінічны агляд жывёл, а таксама вызначыць даты і прычыны пераводу жывёл са здаровай групы ў хворую, зыход захворвання, метады лячэння і тое, куды было накіравана малако, атрыманае ад хворых жывёл, якіх лячылі антыбіётыкамі.
Такім чынам, Рассельгаснагляд прыйшоў да высновы, што беларуская ветэрынарная служба не можа гарантаваць бяспеку малочнай прадукцыі, што вырабляецца кампаніяй „Данон Пружаны”.
Фота: retail.ru