Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да махлярскіх схем



Пра першыя вынікі інспекцыі шасці беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання (19—23 сакавіка) паведаміў Рассельгаснагляд.

У ліку правераных было вытворчае ўнітарнае прадпрыемства „Мсціслаўмалако” (гандлёвая марка „Бабулін гладыш”). Устаноўленая адсутнасць у яго абсталявання для вытворчасці сухой малочнай прадукцыі і масла. Пры гэтым указаная прадукцыя была адгружаная як вырабленая прадпрыемствам і суправаджалася ветэрынарнымі дакументамі, аформленымі ветэрынарнай службай Мсціслаўскага раёна (Магілёўская вобласць).

Акрамя таго, выяўлены факт паставак гэтым прадпрыемствам у РФ у 2017 годзе сухога малака невядомага паходжання агульнай вагой 2,5 тыс. тон. У Рассельгаснагляда „ёсць падставы меркаваць, што гэтая прадукцыя была ўвезеная ў Рэспубліку Беларусь з інтэрвенцыйнага фонду Еўрасаюза і затым незаконна перамешчаная на тэрыторыю Расіі”. „Ветэрынарная служба Рэспублікі Беларусь не здолела даць спецыялістам Рассельгаснагляда інфармацыю аб сапраўдным паходжанні гэтай прадукцыі. Гэта сведчыць пра адсутнасць кантролю з боку ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь пры вытворчасці малочнай прадукцыі, наступным экспарце і яе ўдзеле ў схемах махлярства пры вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання і легалізацыі незаконнага бізнесу”, — сцвярджаецца ў рэлізе.

Інспекцыя беларускіх прадпрыемстваў была адной з умоў, на якіх РФ не стала забараняць пастаўку малочнай прадукцыі з Беларусі.  БелаПАН