Рассельгаснагляд абвінаваціў Беларусь у фальсіфікацыі статыстыкі паставак
Аналіз праводзіўся на аснове адкрытых крыніц, у прыватнасці статыстычных матэрыялаў ITC (Міжнародная канферэнцыя па гандлі і развіцці ААН) — UN COMTRADE аб атрыманні інфармацыі пра дапушчаныя Беларуссю парушэнні ў сістэме кантролю бяспекі рээкспартнай, у тым ліку санкцыйнай для Расеі, плодаагародніннай прадукцыі з трэціх краін. У выніку даследавання, якое грунтуецца на справаздачах гандлёвых партнёраў Беларусі, атрыманыя звесткі пра аб`ём экспарту пладовай і агародніннай прадукцыі са 132 краін у Беларусь з 2012 па 2017 гады.
Выяўлена, што з моманту ўвядзення ў жніўні 2014 года ўрадам РФ „контрсанкцый” у Беларусь рэзка ўзраслі пастаўкі пладовай і агародніннай прадукцыі. Калі ў 2013 годзе сумарныя пастаўкі не перавышалі 606,4 млн долараў ЗША (443,3 млн плодаагародніннай і 163,1 млн агародніннай прадукцыі адпаведна), то ў 2014-м гэтыя аб`ёмы падвоіліся і дасягнулі 1 млрд 229,6 млн долараў (869, 6 млн — плады, 360 млн — агародніна), а ў 2015-м патроіліся да 1 млрд 865,3 млн долараў (1 млрд 375,1 млн — плады, 490,2 млн — агародніна). У 2016 годзе, калі, нягледзячы на пратэсты Беларусі, Рассельгаснагляд узмацніў кантроль на адміністрацыйнай мяжы і пачаў знішчэнне нелегальна ўвезенай прадукцыі, акрэслілася зніжэнне закупак такой прадукцыі з боку Беларусі да 1 млрд 551 млн долараў (1 млрд 74,7 млн — плады, 476,3 млн — агародніна).
На піку закупак у 2015 годзе вядучымі пастаўшчыкамі плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусь заставаліся краіны — члены ЕЗ (Польшча, Іспанія, Літва, Нідэрланды, Італія, Грэцыя), у меншай ступені — краіны СНД (Малдова, Украіна), закрывалі спіс пастаўшчыкоў іншыя краіны (Турцыя , Кітай, ПАР, Сербія). У 2016 годзе, згодна са звесткамі беларускага боку, спектр краін-пастаўшчыкоў рэзка пашырыўся і папоўніўся экзатычнымі трапічнымі краінамі Афрыкі (Нігерыя, Судан, Танзанія, Уганда, Емен, Бурундзі, Бенін, Самалі, Кот-Д`Івуар, Гвінея-Бісаў, Малі, Буркіна-Фасо, Ліберыя, Сьера-Леонэ і інш.).
„Пры супастаўленні аб`ёмаў імпарту плодаагародніннай прадукцыі, заяўленых у дэкларацыях Беларусі і атрыманых са справаздач краін-экспарцёраў, выяўленае рэзкае несупадзенне аб`ёмаў гандлёвых аперацый і колькасці гандлёвых партнёраў Беларусі”, — заяўляе Рассельгаснагляд. У 2016 годзе, згодна з беларускімі звесткамі, плодаагароднінная прадукцыя ўвозілася са 117 краін на 1 млрд 551 млн долараў ЗША, тады як у рэальнасці пра экспарт у Беларусь зрабілі справаздачу 48 краін. Сумарны аб`ём паставак склаў 1 млрд 13 млн долараў ЗША. 69 краін-экспарцёраў, галоўным чынам з краін Афрыкі, Азіі і Цэнтральнай Амерыкі, наогул не гандлявалі з Беларуссю, „у сувязі з чым можна казаць пра масавую фальсіфікацыю дакументаў аб паходжанні прадукцыі, уключаючы фітасанітарныя сертыфікаты, якія гарантуюць яе бяспеку”.
„Разам з няіснымі пастаўкамі ў 2016 годзе (напрыклад, Гвінея-Бісаў не пацвердзіла экспарт на 33,4 млн долараў, Буркіна-Фасо — на 26,9 млн, Малі — на 24,5 млн), Беларусь скажае справаздачнасць нават у тых выпадках, калі наяўнасць гандлёвых аперацый пацвярджаецца абодвума бакамі, — сцвярджае ведамства. — Так, паводле даных Польшчы, у Беларусь было экспартавана пладовай прадукцыі на суму 196,7 млн долараў ЗША, агародніны — на суму 67,5 млн долараў. Беларусь жа заяўляе аб пастаўках з Польшчы на суму 313,2 і 86,2 млн адпаведна. Турцыя паведаміла аб пастаўках на суму 63,4 і 53,3 млн адпаведна, Беларусь жа заявіла аб закупках на суму 138,4 і 130,7 млн долараў. Іспанія дэкларуе сумарныя пастаўкі ў аб`ёме 13,4 млн долараў ЗША, Беларусь заяўляе аб закупках ў аб`ёме 63,3 млн долараў. Зыходзячы з гэтых фактаў, можна з упэўненасцю меркаваць, што агародніна і садавіна на суму 540 млн долараў ЗША паступілі з Еўразвяза, пераважна па нелегальным каналах”.
Асабліва ў статыстыцы ААН Рассельгаснагляд вылучае аперацыі Беларусі з Літвой. Згодна з беларускімі звесткамі за 2016 год, у Літве было закуплена плодаагародніннай прадукцыі на 0,33 млн долараў ЗША, у той жа час Літва паведамляе аб продажу на 478,6 млн долараў. „Відавочна, з-за зручнай лагістыкі гэтая краіна выкарыстоўваецца Беларуссю для легалізацыі паставак у Расею рээкспартнай еўрапейскай прадукцыі, у тым ліку з фальшывымі афрыканскімі сертыфікатамі”, — робіць выснову ведамства.
Выяўленыя факты „пацвярджаюць уласныя звесткі Рассельгаснагляда”, які „неаднаразова паказваў наглядным органам Беларусі на сумнеўныя лагістычныя схемы паставак прадукцыі па фальшывых сертыфікатах, у колькасці і асартыменце, што перавышаюць магчымасці беларускіх аграрыяў”.
З прамых кантактаў з каранціннымі органамі афрыканскіх краін Рассельгаснагляд атрымаў інфармацыю аб адсутнасці паставак нехарактэрнай для Афрыкі прадукцыі ў Беларусь і „быў вымушаны” забараніць ўвоз плодаагародніннай прадукцыі цераз Беларусь 33 афрыканскім краінам.
Рассельгаснагляд „звяртае ўвагу на прысутнасць у спісах пастаўшчыкоў плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусь вялікай колькасці так званых найменш развітых краін, якія, згодна з правіламі СГА, карыстаюцца значнымі тарыфна-мытнымі прывілеямі”. У гэтым выпадку гаворка можа ісці аб істотных стратах для бюджэту Расеі і ЕАЭС.
„Мала таго, беларускія СМІ, знаёмыя з гэтай тэмай, проста паказваюць на заніжэнне дэклараванага кошту такой прадукцыі, што таксама змяншае падаткаабкладаную базу”, — адзначаецца ў рэлізе.
Рассельгаснагляд разглядае магчымасць прысутнасці сваіх інспектараў пры адгрузцы асобных відаў прадукцыі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. У такіх выпадках партыі, якія прайшлі кантроль з боку Рассельгаснагляда, не будуць падлягаць дадатковаму кантролю пры ўездзе ў РФ. Пры ўзгадненні такіх мерапрыемстваў з беларускім бокам Рассельгаснагляд, улічваючы сезоннасць, лічыць мэтазгодным прысутнічаць пры адгрузках суніц, пастаўкі якіх прадугледжваюцца ў Расею.
Менск пакуль не каментуе вынікі расследавання Рассельгаснагляда.