Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускіх вытворцаў у несапраўдным транзіце



Рассельгаснагляд накіраваў чальцу калегіі (міністру) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктару Назаранку (Беларусь) ліст з просьбай прыняць меры па ўвядзенні ў дзеянне абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі паміж краінамі ЕАЭС.

У лісце адзначаецца, што ЕЭК павінна была прапрацаваць гэтае пытанне яшчэ ў 2015 годзе, аднак да гэтага часу істотныя захады ў гэтым кірунку не зробленыя, адзначае прэс-служба ведамства.

Рассельгаснагляд канстатуе, што ў сувязі з адсутнасцю на тэрыторыі ЕАЭС агульнай сістэмы сачэння за падкантрольнымі ветэрынарнаму нагляду таварамі ўзнікае праблема так званага несапраўднага транзіту. Са студзеня па лістапад 2018 года беларускія вытворцы накіравалі цераз тэрыторыю Расеі ў Казахстан, Арменію і Кіргізію 101 тыс. тон сухой малочнай прадукцыі, аднак гэтыя краіны пацвердзілі атрыманне толькі 25,8 тыс. тон тавару. „Такім чынам, за 11 месяцаў мінулага года 74% прадукцыі не даехала да кіргізскіх, армянскіх і казахстанскіх атрымальнікаў”, — звяртае ўвагу ведамства.

„Беларускі бок пагадзіўся з тым, што неабходна вырашыць праблему фальшывага транзіту. Аднак Еўразійская эканамічная камісія пакуль не прыняла мер па стварэнні механізма пацвярджэння дастаўкі транзітных тавараў”, — паведамляе Рассельгаснагляд.

БелаПАН