Рассельгаснагляд адклаў свой візіт у Беларусь
Рассельгаснагляд адклаў візіт спецыялістаў у Беларусь з-за асцярогаў „правакацыйных дзеянняў з беларускага боку”, паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.
„Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе прыняла рашэнне аб пераносе тэрмінаў візіту спецыялістаў службы ў Рэспубліку Беларусь, які быў запланаваны на люты 2017 года. Падобнае рашэнне Рассельгаснагляд быў вымушаны прыняць у сувязі з існуючымі асцярогамі шэрагу інспектараў адносна магчымых правакацыйных дзеянняў з беларускага боку. Візіт адкладзены да стабілізацыі сітуацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Прэс-служба адзначае, што дамоўленасць аб наведванні расейскімі спецыялістамі месцаў захоўвання і вытворчасці расліннай прадукцыі ў Беларусі была дасягнутая падчас перамоваў намесніка кіраўніка Рассельгаснагляда Юліі Швабаўскене з дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Піскуном 7 лютага. „Запланаваны візіт павінен быў растлумачыць сітуацыю з рэзкім павелічэннем аб’ёмаў паставак падкаранціннай прадукцыі з Беларусі ў Расею, а менавіта морквы ў 2,6 разы, яблыкаў у 1,5 разы, капусты пекінскай ў 3,3 разы, грыбоў у 1,4 разы, цыбулі рэпчатай ў 32 разы, бульбы харчовай у 2,2 разы ў параўнанні з 2015 годам”, — паведамляе Рассельгаснагляд.
3 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускаму МУС разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі. У адказ на гэта Данкверт рэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах, а з 6 лютага Расія абмежавала пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Менскай вобласці.
7 лютага МУС Беларусі паведаміла пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляда. „Міністэрства ўнутраных спраў мае звесткі аб тым, што асобныя службовыя асобы Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) у інтарэсах, не звязаных з іх прафесійнай дзейнасцю, без наяўнасці дастатковых падстаў і з парушэннем нормаў міжнароднага права абмяжоўвалі магчымасць рэалізацыі беларускай прадукцыі на тэрыторыі Расеі, а таксама ажыццяўлялі распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе айчынных вытворцаў”, — гаварылася ў паведамленні МУС.