Рассельгаснагляд кажа пра небяспеку на мяжы з РБ
Рэгіянальнае ўпраўленне Рассельгаснагляду звярнулася ў праваахоўныя органы ў сувязі з узнікненнем пагрозы „жыццю і здароўю службовых асоб” ведамства, якія кантралююць перамяшчэнне грузаў з Беларусі.
„Упраўленне Рассельгаснагляду па Цвярской і Пскоўскай абласцях інфармуе аб узнікненні ў кантрольным пункце, што на ўчастку расейска-беларускай мяжы ў вёсцы Далосцы, дзвюх сітуацый, звязаных з пагрозай жыццю і здароўю службовых асоб Рассельгаснагляду пры ажыццяўленні кантролю за перамяшчэннем грузаў, якія прыбываюць з Рэспублікі Беларусь” , — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы рэгіянальнага ўпраўлення расійскага ведамства.
Так, паводле інфармацыі прэс-службы, 21 красавіка на кантрольны пост прыбылі два аўтатранспартныя сродкі (адно з іх у начны час). Грузы, якія перавозіліся, згодна з дакументамі, непадкантрольныя Рассельгаснагляду (павідла і кісель пладова-ягадны).
„Пры патрабаванні службовай асобы ўпраўлення Рассельгаснагляду даць аўтатранспартны сродак з павідлам для агляду вадзіцель зрабіў рэзкі манеўр — разварот аўтамашыны — і самавольна паехаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, пакінуўшы таваратранспартныя дакументы на пасту, — гаворыцца ў паведамленні. Гэты манеўр быў выкананы ў небяспечнай блізкасці ад дзяржаўнага інспектара, што несла прамую пагрозу яго жыццю і здароўю”.
У другім выпадку, расказалі ў ведамстве, службовай асобай упраўлення для сумеснага надгляду грузу было прынята рашэнне выклікаць аператыўную службу і для выключэння самавольнага убыцця з паста аўтатранспартнага сродку вадзіцелю было прапанавана паказаць дакументы на груз, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку і прайсці ў службовае памяшканне.
„Праз некаторы час у службовае памяшканне разам з вадзіцелем увайшла група асоб, якія ў грубай форме запатрабавалі вярнуць дакументы. Не атрымаўшы дакументы і не чакаючы прыбыцця аператыўнай службы, вадзіцель і невядомыя асобы пакінулі пост і перайшлі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, пакінуўшы на пасту таваратранспартныя дакументы, пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку і пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе прэс-служба.
Для спынення падобных выпадкаў упраўленне Рассельгаснагляду звярнулася ў праваахоўныя органы.