Рассельгаснагляд крытыкуе Беларусь за махлярскія пастаўкі



Рассельгаснагляд  крытыкуе   беларускі бок за махлярскія пастаўкі ў Расею санкцыйнай прадукцыі з Украіны і Еўразвязу.

Паводле ведамства, беларускія кампаніі «Белмытсервіс», «Газ Венчурэ», «Глобалкастам» завозілі санкцыйную малочную прадукцыю, а пазначалі, што яна з Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітаю.

„Рассельгаснагляду спатрэбіўся ўсяго адзін дзень для таго, каб звязацца з ветэрынарнымі службамі Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітая і атрымаць ад іх адказ, што ўвезеная прадукцыя ў адрас беларускіх і расейскіх атрымальнікаў не адгружалася.

У гэтай сувязі Рассельгаснаглядам была праведзена работа па ўсталяванні расейскіх кампаній – арганізатараў ашуканскай схемы ўвозу забароненых тавараў.

Матэрыялы па дадзеных фактах з мэтай правядзення праверак і прыняцця адпаведных мер Рассельгаснагляд накіраваў у Генпракуратуру Расейскай Федэрацыі, ФСБ Расеі, МУС Расеі, падатковую і мытную службы”, — чытаем  на афіцыйным сайце кантрольнай службы.

У выніку расейскі бок робіць выснову «пра неэфэктыўнасць кантролю ветэрынарнай службы Беларусі», якая «альбо ўдзельнічае ў незаконных схемах, альбо не надае належнай увагі таму, што адбываецца».

Кампанія «Глобалкастам» раней на сваім сайце аспрэчыла падобныя абвінавачанні.