Рассельгаснагляд не даў завезці з Беларусі 700 куранят і качанят без дакументаў
Рассельгаснагляд не дазволіў завезці ў Расею з Беларусі 700 курэй, куранят і качанят, якія перавозіліся без дакументаў.
Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях, супрацоўнікамі пагранічнага ўпраўлення ФСБ Расеі па Смаленскай вобласці на адной з аўтадарог рэгіёна быў спынены мікрааўтобус з прычэпам, які ехаў з Беларусі і ў якім быў „маладняк сельскагаспадарчай птушкі”.
У ходзе надгляду ветэрынарныя інспектары ўстанавілі, што каля 700 курэй, куранят і качанят перавозіліся „без неабходных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць іх паходжанне, клінічнае здароўе, а таксама эпізаатычны дабрабыт мясцовасці выхаду па небяспечных хваробах, у тым ліку і па грыпу птушак”.
Пры гэтым са слоў уладальніка, грамадзяніна Беларусі, птушка прызначалася для рэалізацыі на тэрыторыі вобласці. Акрамя таго, адзначаюць у Рассельгаснаглядзе, транспарціроўка жывога грузу ажыццяўлялася ў аўтамабілі, не абсталяваным адмысловым чынам для перавозкі жывёл і птушкі.
„У выніку ўсе куры, кураняты і качаняты вернутыя на сумежную тэрыторыю, а перавозчык прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.