Рассельгаснагляд не прапусціў больш за 25 тон мяса птушкі з Беларусі
Забаронены ўвоз у Расейскую Федэрацыю дзвюх партый мяса птушкі вытворчасці ТАА „Вітконпрадукт” і філіяла „Сервалюкс-Агра” СЗАТ „Сервалюкс”.
Паводле звестак упраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях, грузы агульнай вагой больш за 25 тон накіроўваліся ў Смаленск і Маскву і суправаджаліся ветэрынарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі Дзяржаўнай ветэрынарнай службай Беларусі.
Падчас кантролю на пункце папярэдняга паведамлення „Чырвоная горка” ў Смаленскай вобласці інспектары Рассельгаснагляду ўстанавілі, што прадукцыя філіяла „Сервалюкс-Агра” перавозілася ў аўтамабілі, што знаходзіцца ў нездавальняючым ветэрынарна-санітарным стане, а мяса птушкі, выпрацаванае ТАА „Вітконпрадукт”, перавозілася з парушэннем тэмпературнага рэжыму, усталяванага вытворцам і пазначанага ў пасведчанні якасці. Акрамя гэтага выяўленая прадукцыя без дат вырабу і суправаджальных дакументаў.
Атрымаць каментары ў „Сервалюксе” адносна прэтэнзій расійскіх спецыялістаў пакуль не ўдалося, а ў „Вітконпрадукт” заявілі, што не атрымлівалі інфармацыі пра выяўленыя Рассельгаснаглядам парушэнні.