Рассельгаснагляд не прапусціў пяць тон стронгі з Беларусі



Супрацоўнікамі Рассельгаснагляду забаронены ўвоз з Беларусі пяці тон астуджанай трыбушанай вясёлкавай стронгі.

Як паведамляе ўпраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях, вытворцам тавару з’яўляецца магілёўскае ААТ „Стронгавая гаспадарка „Лахва”. Прадукцыя накіроўвалася на адрас маскоўскай юрыдычнай асобы, а месцам выгрузкі быў паказаны Санкт-Пецярбург.

Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю ў пункце прыёму паведамленняў „Красная Горка” спецыялісты ўпраўлення Рассельгаснагляду ўстанавілі, што ветэрынарны сертыфікат, выдадзены дзяржаўнай ветэрынарнай службай Беларусі, які суправаджаў рыбу, быў запоўнены з парушэннямі і не меў ўсёй неабходнай інфармацыі.

„У прыватнасці ў пададзеным дакуменце адсутнічалі звесткі аб правядзенні ўсіх неабходных лабараторных даследаванняў па паказчыках якасці і бяспекі рыбы. У сувязі з названымі парушэннямі груз вернуты адпраўніку”, — адзначаюць у ведамстве.

Ва ўпраўленні Рассельгаснагляду звяртаюць увагу, што за апошні час гэта другі выпадак вяртання рыбнай прадукцыі, якая паступіла з названага прадпрыемства.

belapan.by