Рассельгаснагляд не прапусціў у Расею 68 тон яблыкаў з Беларусі



Рассельгаснагляд не прапусціў на расейскі рынак 68,5 тоны беларускай расліннай прадукцыі.

Як паведамляе ведамства, з 29 кастрычніка па 4 лістапада на расейска-беларускім участку мяжы падчас ажыццяўлення каранціннага фітасанітарнага кантролю быў спынены ўвоз 68,2 тон свежых яблыкаў і каля 0,3 тон харчовай бульбы.

„Рашэнні аб забароне ўвозу прадукцыі былі прынятыя ў сувязі з наяўнасцю несапраўднага фітасанітарнага сертыфіката або яго адсутнасцю, няправільным указаннем вытворцы прадукцыі ў суправаджальных дакументах або на маркіровачнай этыкетцы”, — адзначае Рассельгаснагляд.

Падкаранцінная прадукцыя вернутая на тэрыторыю Беларусі.

Расея апошнім часам пастаянна выстаўляе прэтэнзіі Беларусі датычна таго, што праз тэрыторыю краіны на расейскі рынак ўвозіцца плодаагароднінная прадукцыя з краін, у дачыненні да якіх расейскія ўлады ўвялі санкцыі.

БелаПАН