Рассельгаснагляд: рэжым узмоцненага кантролю ў дачыненні да 18 беларускіх прадпрыемстваў



„Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе адзначае, што працягваюцца выпадкі паступлення ў Расею з Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў ЕАЭС”, — абгрунтоўвае сваё рашэнне Рассельгаснагляд у паведамленні на сайце ведамства.

У пералік прадпрыемстваў, прадукцыя якіх будзе ўзмоцнена кантралявацца, у прыватнасці, уключаны: ЗАТ „Агракамбінат Нясвіжскі”, ААТ „Баранавіцкі малочны камбінат”, ААТ „Беллакт”, СТАА „Белсыр”, ААТ „Ваўкавыскі мясакамбінат”, ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”, ААТ „Жабінкаўскі камбікормавы завод”, КВУП „Мазырскія малочныя прадукты”, ААТ „Малако”, ПУП „Мсціслаўмалако”, ПУП „Аршанскі мясакансервавы камбінат”, філіял Пружанскага раённага спажывецкага таварыства „Камбінат кааператыўнай прамысловасці”, ААТ „Рыбгас „Палессе”, ПУП „САРЫЯ”, ААТ „Смалявічы бройлер”, ААТ „Тураўскі малочны камбінат”, фермерская гаспадарка „Мінюка”, ААТ „Шклоўскі масларобны завод”.

„У выпадку працягу выяўлення прадукцыі, якая не адпавядае ветэрынарна-санітарным нормам і патрабаванням ЕАЭС, будзе разгледжана пытанне аб магчымым абмежаванні паставак у Расейскую Федэрацыю прадукцыі вышэйпералічаных прадпрыемстваў”, — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка 21 траўня на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі адзначыў, што беларускаму ўраду так і не ўдалося зняць абмежаванні на пастаўкі сельгаспрадукцыі на расійскі рынак.

„Паводле маёй інфармацыі, на сёння прыблізна 60 беларускіх прадпрыемстваў поўнасцю або часткова закрытыя для паставак на расейскі рынак. Дапрацаваліся да таго (чаго не было раней), што мы ўжо падпісаныя гандлёвыя балансы па сельгаспрадукцыі не выконваем у сувязі з тым, што Расея не выконвае свае абавязацельствы. Чаму не прымаюцца меры?” — заявіў Лукашэнка.

На праблемы з экспартам беларускай мяса-малочнай прадукцыі Лукашэнка таксама звярнуў увагу 16 траўня, прызначаючы кіраўнічых работнікаў прадпрыемстваў і аблвыканкамаў.

„На нашых традыцыйных рынках, вы бачыце, вельмі складана сёння працаваць. Тым больш Расея сябе такім чынам паводзіць — незразумелым. Нават планы выпрацавалі з імі — балансы паставак малака, мяса, і мы іх не выконваем, бо закрылі рынак… Нам трэба абмяркоўваць сур’ёзна на высокім узроўні, узроўні ўрадаў, гэтую праблему”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у першым квартале 2019 года экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас у Расею знізіўся на 15-30%.

belapan.by