„Рассельгаснагляд” шукае і знаходзіць



„Рассельгаснагляд” чарговы раз выявіў парушэнні ў пастаўках прадукцыі з прадпрыемстваў Беларусі і быў вымушаны прыняць абмежавальныя меры, паведамляе «Інтэрфакс».

Так з 2 чэрвеня забароненыя пастаўкі на расейскі рынак курынага мяса з Салігорскай птушкафабрыкі. Як паведаміла  прэс-сакратар службы Юлія Мелано, гэта звязана з паўторным выяўленнем сальманел ў прадукцыі прадпрыемства.

Акрамя таго, з таго ж дня з-за «сістэматычных парушэнняў» на ўзмоцнены кантроль расейскіх санітараў будуць узятыя яшчэ пяць беларускіх прадпрыемстваў.

Так, у мясе птушкі з Кобрыньскай птушкафабрыкі выяўленыя лістэрыі, у прадукцыі Маладэчанскага малочнага камбінату — кансервант натаміцын. Рэшткі лінкаміцыну знойдзеныя ў сухой малочнай сыроватцы кампаніі «Малочны свет» вытворчага цэху «Скідаль», лістэрыі — у ялавічыне Слонімскага мясакамбінату, энрафлаксацын і тылазін — у сухім малацэ Слуцкага сыраробнага камбінату.

Фота flashnord.com