Рассельгаснагляд увёў узмоцнены кантроль у дачыненні да сямі беларускіх прадпрыемстваў



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) увяла рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі сямі беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта гаворыцца ва ўказанні расейскага ведамства ад 13 снежня.

Такі рэжым уводзіцца ў сувязі з выяўленнем фактаў неадпаведнасці якасці прадукцыі беларускіх арганізацый патрабаванням Еўразійскага эканамічнага саюза і Расеі, сказана ў дакуменце.

Узмоцнены лабараторны кантроль уведзены ў дачыненні да прадукцыі прадпрыемстваў „Белрыба”, „Віталюр”, Глыбоцкага мясакамбіната, Лідскага малочна-кансервавага камбіната, Ашмянскага мясакамбіната, „Чызмайстара”, Бабруйскага мясакамбіната.

Згодна са звесткамі Рассельгаснагляда, у прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў выяўленыя антыбіётыкі, а ў ласасёвай ікры „Чызмайстара” — залацісты стафілакок.

Між тым улады Беларусі раней неаднаразова заяўлялі, што расійскі бок стварае штучныя бар’еры для доступу на ўнутраны рынак беларускіх прадуктаў харчавання.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расейскай Федэрацыі Артурам Парфенчыкавым заявіў, што паколькі ў Расеі „ідзе атака ў дачыненні да беларускай прадукцыі”, пастаўленая задача дыверсіфікаваць рынкі банка.

„Гэта аксіёма для любой дзяржавы. Нельга замыкацца нават на самую сяброўскую і брацкую дзяржаву — адзін рынак, не маючы іншых”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь імкнецца збалансаваць экспарт, каб пастаўляць прыкладна па траціне аб’ёмаў на расейскі рынак, у Еўразвяз, іншыя краіны. „Калі Расея надалей будзе праводзіць такую палітыку, мы, вядома, будзем выходзіць на іншыя рынкі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by