Рассельгаснагляд выстаўляе Беларусі новыя прэтэнзіі



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) лічыць, што Беларусь маніпулюе паказчыкамі і не адлюстроўвае ўвесь аб`ём малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расею.

Па гэтым пытанні Рассельгаснагляд плануе звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Рассельгаснагляд плануе звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію з прапановай вырашыць пытанне па выпрацоўцы механізму (сістэмы) электроннага пацвярджэння паставак прадукцыі. Прычынай гэтай ініцыятывы паслужылі вынікі аналізу статыстычных даных узаемнага гандлю паміж дзяржавамі ЕАЭС„, — паведамляе расейская служба.

Рассельгаснагляд звяртае ўвагу, што, паводле даных ЕЭК, Беларусь у 2017 годзе экспартавала 16,4 тыс. тон малочнай прадукцыі ў Кыргызстан на 48,6 млн долараў. У Казахстан было пастаўлена 34,8 тыс. тон беларускай малочнай прадукцыі на 72,2 млн долараў. У той жа час, паводле даных ЕЭК, Кыргызстан імпартаваў з Беларусі толькі 13,5 тыс. тон малочнай прадукцыі з Беларусі, а Казахстан — 22,8 тыс. тон.

З прыведзеных даных можна зрабіць выснову аб тым, што таварныя пазіцыі ў аб`ёме амаль 15 тыс. тон, у дачыненні да якіх дзейнічаюць часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расейскую Федэрацыю, не былі дастаўленыя ў адрас кіргізскіх і казахскіх атрымальнікаў, а былі легалізаваныя і рэалізаваны на тэрыторыі Расеі„, — лічаць у Рассельгаснаглядзе.

Аб`ём гэтай прадукцыі, заяўляе расейскае ведамства, складае 29% ад агульнага аб`ёму паставак малочных тавараў з Беларусі ў Кыргызстан і Казахстан.

Падобныя маніпуляцыі з боку нядобрасумленных вытворцаў і атрымальнікаў тавараў магчымыя толькі з-за адсутнасці сістэмы нагляду за ў галіне перамяшчэння тавараў, падкантрольных ветэрынарным наглядзе„, — заяўляе Рассельгаснагляд.

Як паведамлялася раней, у канцы лютага Рассельгаснагляд на падставе выяўленых ім парушэнняў адносна якасці прадукцыі прыняў рашэнне абмежаваць пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

Праблемы з пастаўкамі беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію абмяркоўваліся 1 сакавіка на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з віцэ-прэм`ерам Міхаілам Русым. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь мае намер рэагаваць на дзеянні Рассельгаснагляда.

Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з`явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако„, — патлумачыў Лукашэнка.   БелаПАН