Рассельгаснагляд выявіў каранціннага шкодніка ў партыі беларускіх салатаў
Упраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях выявіла каранціннага шкодніка ў партыі гатовых да спажывання салатаў беларускай вытворчасці, паведамляе прэс-служба ведамства.
20 ліпеня пры правядзенні выбарачнага маніторынгу ў ППП „Красная Горка” спецыялісты ўпраўлення Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях ў партыі салату „Спінаці”, вырабленага ТАА „Вытворчая кампанія „Салаторыя” (Менская вобласць), што ўвозіўся пад выглядам кансерваванай прадукцыі (код ТН ЗЭД ЕАЭС 2005), выявілі каранцінны арганізм. Ветэрынарная лабараторыя правяла даследаванне і паведаміла, што партыя вагой 805 кг заражаная заходнім каліфарнійскім (кветкавым) трыпсам (Frankliniella occidentalis Perg.).
Раней упраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях ўжо выказвала заклапочанасць у сувязі з пастаўкамі з тэрыторыі Беларусі расліннай прадукцыі, якая нібыта прайшла апрацоўку і гатовая да спажывання.
Пры гэтым і цяперашняя, і папярэдняя партыі не суправаджаліся фітасанітарнымі сертыфікатамі і не падлягалі кантролю з боку ведамства, бо ў адпаведнасці з таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза класіфікаваліся як гатовыя да спажывання (агародніна іншая, прыгатаваная або кансерваваная, без воцату або воцатнай кіслаты, незамарожаная).
Як адзначаюць у наглядным ведамстве, затрыманая сёння партыя пры вытворчасці павінна была прайсці пэўную апрацоўку, аднак выяўленне ў ёй каранціннага шкодніка кажа пра адваротнае.
„Гэтая акалічнасць паказвае на спробы нядобрасумленных удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, змяняючы код ТН ЗЭД, увозіць у Расейскую Федэрацыю падкаранцінную прадукцыю, абыходзячы фітасанітарны кантроль”, — заяўляе ведамства.
Пасля правядзення адміністрацыйнага расследавання і высвятлення ўсіх абставінаў будзе прынятае рашэнне пра лёс грузу. БелаПАН