Рассельгаснагляд выявіў новую схему незаконнага ўвозу яблыкаў з Беларусі



Рассельгаснагляд паведаміў пра выяўленне „новай схемы незаконнага перамяшчэння яблыкаў з Беларусі”.

„19 красавіка службовымі асобамі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Санкт-Пецярбургу, Ленінградскай і Пскоўскай абласцях пры правядзенні кантрольна-наглядных мерапрыемстваў на фітасанітарным кантрольным пасту „Далосцы” Себежскага раёна Пскоўскай вобласці выяўленая новая схема незаконнага ўвозу ў Расею свежых яблыкаў з Рэспублікі Беларусь неўстаноўленага паходжання”, — гаворыцца ў паведамленні расейскага нагляднага ведамства.

Пры даглядзе аўтатранспартнага сродку супрацоўнікамі ўпраўлення было выяўлена, што разам з бульбай у колькасці 5 тон ураджаю 2018 года, вырабленага ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласці, „знаходзіцца забароненая да ўвозу ў Расейскую Федэрацыю прадукцыя, а менавіта яблыкі ў колькасці 4 тон”.

Паводле інфармацыі расейскага ведамства, яблыкі ў абязлічаных чорных скрынках увозіліся ў Расейскую Федэрацыю без фітасанітарных сертыфікатаў, заваленыя мяшкамі з бульбай, на якую меўся фітасанітарны сертыфікат, выдадзены галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Рэспублікі Беларусь.

„Гэты факт чарговы раз сведчыць пра адсутнасць належнага кантролю з боку фітасанітарнай службы Рэспублікі Беларусь за сертыфікацыяй прадукцыі, што вырабляецца беларускімі прадпрыемствамі. 4 тоны абязлічанай, незаконна ўвезенай на тэрыторыю Расеі прадукцыі знішчаны. Парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”, — адзначае Рассельгаснагляд.

Як паведамлялася, увоз яблыкаў з Беларусі часова абмежаваны Рассельгаснаглядам з 12 красавіка 2019 года. „У Рассельгаснагляду ёсць усе падставы меркаваць, што Рэспубліка Беларусь сертыфікуе санкцыйную прадукцыю пад выглядам беларускай”, — гаварылася ў каментары ведамства пра прычыны ўвядзення абмежаванняў на пастаўкі ў Расею яблыкаў і груш.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блокам урада параўнаў некаторыя дзеянні расейскіх партнёраў па закрыцці рынку для Беларусі з санкцыямі. „То адно прадпрыемства закрылі, то другое. Потым ці то морква, ці то салата, ці то ўжо агуркі не спадабаліся. Ці то ў іх падазрэнне ёсць, што мы нешта пастаўляем не адтуль. І кожны дзень адбываецца закрыццё нашых прадпрыемстваў. Нам закрываюць рынак”, — адзначыў беларускі кіраўнік. „Тое дабро, якое мы робім для Расейскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянна злом. Там ужо нахабства да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі”, — заявіў Лукашэнка.

БелаПАН