Рассельгаснагляд забараніў беларускае малако на выставе ў Маскве
На міжнароднай выставе харчовых тавараў «Прадэкспа-2020» у Маскве супрацоўнікі Рассельгаснагляду забаранілі дэгустацыю і продаж малака і малочнай прадукцыі з Беларусі агульнай вагой 628 кілаграмаў. Харчаванне паступіла з некалькіх беларускіх прадпрыемстваў.
Як паведамляе прэс-служба расейскага ведамства, прадукцыя трапіла на выставу без ветэрынарнага кантролю на мяжы.
Таксама на выставе інспектары выявілі 48 кг сыру, які, паводле дакументаў, паступіў у Маскву для лабараторных даследаванняў. Акрамя таго, былі выяўленыя рыба і морапрадукты агульнай вагой 4,5 кг, якія паступілі з Кітая без ветэрынарных суправаджальных дакументаў.
На ўсе гэтыя прадукты былі складзеныя акты аб парушэнні ветэрынарных патрабаванняў. Харчовыя тавары, якія трапілі на выставу без ветэрынарных дакументаў, будуць знішчаныя пад кантролем дзяржаўнай ветэрынарнай службы Маскоўскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя