Рассельгаснагляд забараніў увоз турэцкіх яблыкаў у Расею праз Беларусь



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) з 22 сакавіка забараніла ўвоз турэцкіх яблыкаў у Расею праз Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, рашэнне прынятае ў сувязі з „высокімі рызыкамі ўвозу на тэрыторыю Расеі транзітам праз Беларусь санкцыйнай прадукцыі пад выглядам прадукцыі, вырабленай у Турцыі”.

Адзначаецца, што Рассельгаснагляд неаднаразова „звяртаў увагу беларускіх калегаў на неабходнасць правядзення мерапрыемстваў па пацвярджэнні краіны паходжання прадукцыі трэціх краін, якая прайшла мытнае афармленне ў Рэспубліцы Беларусь і сертыфікаваная для рээкспарту ў Расейскую Федэрацыю”.

„Аднак выпадкі ўвозу прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў з несапраўднымі звесткамі пра краіну паходжання працягваюцца, — гаворыцца ў паведамленні. — Так, у сакавіку бягучага года адзначанае рэзкае павелічэнне паставак на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі свежых яблыкаў, якія, паводле дакументаў, былі вырабленыя ў Турцыі. Прадукцыя таксама суправаджалася рээкспартнымі фітасанітарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі беларускім бокам. Пры гэтым адзначалася нелагічнае лагістычнае перамяшчэнне прадукцыі, якая замест таго, каб наўпрост з Турцыі паступіць у порт Наварасійска, ішла па маршруце: Турцыя — Латвія — Беларусь — Расея”.

Гэта выклікае ў Рассельгаснагляда „сумнеў у легальнасці такіх паставак і недавер дадзеным, пазначаным у беларускіх рээкспартных сертыфікатах”.

БелаПАН