Рассельгаснагляд затрымаў 20 тон увезеных з Беларусі грэцкіх арэхаў



Супрацоўнікі ўпраўлення Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях затрымалі буйную партыю грэцкіх арэхаў, якія былі ўвезеныя ў Расею з Беларусі.

Як паведамляе расейскае ведамства, 16 студзеня на складзе ТАА „Альфа Транс”, што на 454-м кіламетры трасы М1, падчас надгляду фуры са згаданай прадукцыяй перавозчык паказаў суправаджальныя дакументы на 20 тон грэцкіх арэхаў.

У фітасанітарных сертыфікатах краінай паходжання грузу была пазначаная Турцыя. Аднак пры правядзенні каранціннага фітасанітарнага кантролю „на шэрагу мяшкоў пад пакавальнымі швамі выяўленыя ўшытыя маркіровачных этыкеткі, паводле якіх месцам паходжання грузу з’яўляюцца ЗША”. На шэрагу мяшкоў меліся рэшткі аналагічных маркіровачных этыкетак, а таксама сляды іх выдалення, сцвярджаюць у Рассельгаснаглядзе.

У той жа час на ўсіх 800 мяшках таксама прысутнічала маркіроўка, згодна з якой груз нібыта меў паходжанне Турэцкай Рэспублікі.

„Знешні выгляд арэхаў, упакоўка, а таксама спосаб нанясення першапачатковай маркіроўкі дазваляюць выказаць здагадку, што яны з’яўляюцца адзінай партыяй з аднаго месца вырастання, а нядобрасумленныя ўдзельнікі знешнеэканамічнай дзейнасці спрабавалі пад выглядам турэцкіх арэхаў завезці амерыканскую прадукцыю”, — адзначылі ў Рассельгаснаглядзе.

Грузавы аўтамабіль разам з падкаранціннай прадукцыяй перададзены Смаленскай мытні для правядзення праверачных дзеянняў і прыняцця мер у рамках сваёй кампетэнцыі.

БелаПАН