Рассельгаснагляд затрымаў 87 тон „санкцыйнай” садавіны і гародніны з Беларусі



З 1 па 6 мая міжведамасныя мабільныя групы праваахоўных органаў (Смаленскай мытні, ДІБДР МУС Расеі па Смаленскай вобласці і ПУ ФСБ Расеі па Смаленскай вобласці) пры руху ў абыход афіцыйнага пункта пропуску затрымалі 14 аўтамабіляў, якія перавозілі з тэрыторыі Беларусі 86,9 т рознай плодаагародніннай прадукцыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляду.

Гэтыя грузы „перададзеныя для прыняцця мер” спецыялістам кіравання Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях. Пры гэтым, адзначае ведамства, у ходзе кантролю 57,9 т яблыкаў фітасанітарныя інспектары выявілі на адной з партый садавіны маркіроўку Рэспублікі Малдова, а ў выніку дагляду 19 тон цыбулі-парэя, цыбулі-шалота, сельдэрэя і фенхеля была выяўленая маркіроўка Італіі і Галандыі. Акрамя таго, 10 тон харчовай бульбы перавозілася без маркіровачных этыкетак. Усе названыя грузы перамяшчаліся без суправаджальных дакументаў.

Пасля завяршэння працэдуры адміністрацыйнага расследавання будзе прынята рашэнне аб знішчэнні прадукцыі, паведамляе Рассельгаснагляд.

Акрамя таго, інфармуе ведамства, будуць знішчаны яшчэ восем партый яблыкаў і груш агульнай вагой 88 тон, затрыманых раней мабільнымі групамі пры спробах уезду ў РФ з выкарыстаннем аналагічных схем.

„Дынаміка спробаў нелегальнага ўвозу гародніны і садавіны, у тым ліку і яблыкаў, можа сведчыць пра пастаўкі забароненай да ўвозу прадукцыі, якія працягваюцца. Прадукцыя перагружаецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дробнатаварнымі партыямі, абыходзячы афіцыйныя фітасанітарныя кантрольныя пасты, накіроўваецца ў Расейскую Федэрацыю”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

БелаПАН