Рассельгаснагляд: Здымаецца забарона з 32 беларускіх малаказаводаў



Рассельгаснагляд 4 снежня адмяніў абмежаванні на пастаўкі ў Расею малочнай прадукцыі налівам з 32 беларускіх прадпрыемстваў, паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.

Гэта рашэнне прынята „пасля праведзенай працы з беларускай ветэрынарнай службай і па выніках тэлефонных перамоў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі Іванам Смільгінем”, адзначыла прэс-служба.

Як заяўляе Рассельгаснагляд, праца з беларускай ветэрынарнай службай па зняцці абмежавальных мер на пастаўкі прадукцыі жывёльнага паходжання з Беларусі ў Расею працягнецца.

У пачатку чэрвеня 2018 года Рассельгаснагляд увёў забарону на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі ў тары ёмістасцю большай за 2,5 літра.

„Паводле вынікаў праведзенай у Рассельгаснаглядзе нарады і абмеркавання неабходнасці прыняцця мер у сувязі з працягам паступлення небяспечнай малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расейскую Федэрацыю Рассельгаснагляд да ўрэгулявання сітуацыі з забеспячэннем бяспекі беларускай прадукцыі з 6 чэрвеня 2018 года вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію прадукцыі, у якой выяўлялася найбольшая колькасць парушэнняў: малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ўльтрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай, сухой; канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку”, — гаварылася ў афіцыйным паведамленні ведамства.

Прадукцыю аб’ёмам да 2,5 літра забарона не закранула.

7 мая 2019 года татальная забарона была адмененая, аднак уведзеная забарона на пастаўку больш чым з 30 беларускіх малочных прадпрыемстваў.

belapan.by