Рассельгаснагляд зноў незадаволены беларускай прадукцыяй



Рассельгаснагляд заявіў пра новыя выпадкі паступлення з Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

У сувязі з выяўленнем тэтрацыкліну ў ахалоджанай ялавічыне, вырабленай беларускім прадпрыемствам „Партнёр і К”, Рассельгаснагляд 23 сакавіка часова абмяжуе пастаўкі прадукцыі з гэтага прадпрыемства на расейскі рынак.

Акрамя таго, Рассельгаснагляд заявіў, што ўводзіць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў. Так, расейскае ведамства мае намер пільна правяраць прадукцыю мясаперапрацоўчага комплексу ААТ „Беларуськалій”, Дзятлаўскага сыраробнага завода і Пастаўскага малочнага завода. Прынятае рашэнне Рассельгаснагляд аргументуе тым, што ў прадукцыі названых прадпрыемстваў выяўленыя антыбіётыкі.

Расейскае ведамства таксама паведамляе, што праінфармавала ветэрынарную службу Беларусі пра прэтэнзіі да якасці прадукцыі чатырох прадпрыемстваў („Бабулін гладыш”, „Белрыба”, „Мілкавіта”, Полацкі малочны камбінат).

З-за прэтэнзій Рассельгаснагляда да беларускай прадукцыі з лютага паміж Масквой і Менскам па гэтым пытанні ідуць пастаянныя перамовы. 19 сакавіка расейскія спецыялісты пачалі інспектаванне васьмі беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

БелаПАН