Рассельгаснагляд зняў санкцыі з беларускіх прадпрыемстваў
Пра скасаванне санкцый супраць двух беларускіх прадпрыемстваў АПК паведаміў Рассельгаснагляд.
10 кастрычніка ведамства адмяніла ўведзеныя раней абмежаванні на пастаўкі ў Расею малака і малочнай прадукцыі налівам з Любанскага філіяла Слуцкага сыраробнага камбіната.
Рашэнне прынятае «на падставе атрыманых ад беларускага боку матэрыялаў расследаванняў, прынятых мер для ліквідацыі выяўленых парушэнняў, а таксама хадайніцтва дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь».
Акрамя таго, «улічваючы хадайніцтва беларускага боку», аднаўляюцца пастаўкі сухога неразведзенага малака, сухога часткова абястлушчанага малака і сухога абястлушчанага малака (ва ўпакоўцы 250 і 500 г) з Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.
