Расце колькасць насельніцтва з няпоўнай занятасцю



На Гарадзеншчыне амаль 30 тысяч чалавек на працягу года працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці. Год назад гэтая лічба не перавышала 9 тысяч чалавек. Паводле дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гарадзенскай вобласці, агульная колькасць неадпрацаванага часу склала 230 тысяч чалавека-дзён, што раўназначна штодзённаму нявыхаду на працу больш як 2 тысяч чалавек.

Намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч сцвярджае, што наймальнікі незаўсёды прытрымліваюцца дзейнага заканадаўства, самавольна скарачаючы працоўны тыдзень работнікам:

– Калі гэта вымушае чалавека ісці ў адпачынак за свой кошт, то гэта відавочнае парушэнне працоўнага заканадаўства. І тут таксама залежыць усё ад чалавека: ставіцца да гэтага прынцыпова ці цярпець ды ісці ў гэты адпачынак.

На працягу бягучага года амаль 10 тысяч працоўных Гарадзеншчыны знаходзіліся ў дзённых прастоях па віне наймальніка. Сярэдняя працягласць такіх прастояў – 14 дзён на аднаго працоўнага. Колькасць занятага ў эканоміцы Гарадзеншчыны насельніцтва складае амаль паўмільёна чалавек, што на 5 тысяч чалавек менш, чым год назад.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота sb.by